Прадстаўнікі дэмсіл Берасця збіраюць подпісы
Пікеты ў цэнтры горада і метад «ад двярэй да дзярэй». Берасцейскія прадстаўнікі апазіцыі збіраюць подпісы за вылучэнне сваіх прадстаўнікоў у кандыдаты ў дэпутаты. У Берасці зборшчыкаў подпісаў найчасцей можна сустрэць на пешаходнай вуліцы Савецкай – паведаміла ў нашым эфіры кіраўнік гарадской структуры партыі БСДП Грамада Ганна Канюс:
– Мы прапанавалі мінакам ставіць подпісы за нашых кандыдатаў. Яны ставілі, расказвалі пра праблемы, якія ёсць у Берасці, пра тое, што насамрэч, трэба штосьці мяняць у сённяшнім парламенце.
Сабраць трэба 1000 подпісаў для вылучэння ў Палату прадстаўнікоў. Акрамя вулічных пікетаў, перакананая Ганна Канюс, патэнцыйным кандыдатам ў парламент яшчэ варта і шмат пахадзіць.
– Нашы валанцёры пачалі збіраць подпісы па кватэрах.
Парламенцкія выбары пройдуць 11 верасня. У Беларусі стартаваў другі этап выбарчай кампаніі – рэгістрацыя ініцыятыўных груп і збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org