У берасцейскага блогера забралі кампутар і тэлефон



Кампутар і тэлефон забрала міліцыя ў берасцейскага блогера, патэнцыйнага кандыдата на пасаду дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад руху „За свабоду’’ Сяргея Пятрухіна. Журналіст звязвае гэта з расследаваннем карупцыйных схемаў дэпутатаў і чыноўнікаў, якія ён змяшчаў у Інтэрнэце.

Сяргей Пятрухін распавёў, якім чынам і на якой падставе да яго прыйшлі супрацоўнікі праваахоўных органаў:

– Да мяне ўвечары прыехалі міліцыянты. Паказалі санкцыю на агляд. І забралі ў мяне кампутар і тэлефон. Прычына наступная: нібыта адзін з герояў маіх рэпартажаў, высокапастаўлены чыноўнік з Камітэта дзяржкантролю, пра якога я зрабіў рэпартаж, па якому зараз узбуджана крымінальная справа, або вырашыў мне адпомсціць, або нашкодзіць, паведаміўшы, што я нібыта ў каментарах напісаў штосьці, што зневажае яго гонар і годнасць.

Як адзначыў Сяргей Пятрухін, на падставе каментара пра дзейнасць аднаго з чыноўнікаў, які ён змясціў у Інтэрнэце, была ўзбуджаная крымінальная справа. Гэта і паслужыла афіцыйнай прычынай да канфіскацыі абсталявання блогера.

Беларускае Радыё Рацыя