У Мясяцічах адзначаць „Дзясятуху” і 500-годзе вёскі
На Піншчыне, вёска Мясяцічы, падрыхтавалася да ўнікальнага свята „Дзясятуха” – на дзясятую пятніцу пасля Вялікадня жыхары ўшаноўваюць з’яўленне Мясяціцкай Божай Маці. Акрамя таго, сёлета вёска адзначае 500 гадоў свайго існавання.
Ушаноўваць цудадзейны абраз прыязджаюць вернікі з розных раёнаў і нават з Украіны. Ураджэнка Мясяціч Марыя Шаламіцкая ўзгадвае, што нават пры атэістычнай уладзе вясковая царква не зачынялася:
– Можа быць дзякуючы гэтай іконе наша царква ніколі не закрывалася. З акалічных цэркваў у хрушчоўскія часы былі звезены іконы, царкоўнае начынне, а цяпер, калі ўжо адкрываюцца, то тыя іконы па спісу былі перададзены ў гэту царкву.
З’яўленне Мясяціцкай Божай Маці адбылося ў 1893 годзе. У непагадзь, на хвалях Прыпяці, яе заўважыў матрос Іван Шпакоўскі. Ён і прывёз абраз у родную вёску.
Беларускае Радыё Рацыя