Віктар Сазонаў: Спрабуюць свае сілы да лепшых часоў



У Гародні рэгіструюць ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны. Дзве ініцыятыўныя групы за сябра партыі БНФ Валерыя Кіселя і лідара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Гарадзенскай вобласці Міколу Баўсюка зарэгістравала акруговая камісія Гародні №52.

„Такая колькасць дэмакратычных прэтэндэнтаў на акругу не азначае, што ўлады гатовыя ісці шляхам лібералізацыі ў гэтых выбарах,” – кажа назіральнік па гэтай акрузе, праваабаронца Віктар Сазонаў.

– Ад самага пачатку бачым, хто кіраўнікі камісіі, каго большасць у камісіі – старыя, правераныя кадры, хаця і ёсць там прадстаўнік БНФ. Ад апазіцыі 3 чалавекі на адной акрузе рэгіструецца. Няма еднасці апазіцыйнай. Хутчэй за ўсяго гэта не з-за таго, што апазіцыянеры не могуць знайсці гэтую еднасць, хутчэй за ўсё гэта таму, што яны таксама глядзяць на гэтыя выбары як на выбары, якія ўжо прайшлі, проста як бы спрабуюць свае сілы да лепшых часоў.

9-га ліпеня будзе апошні дзень, які, згодна з выбарчым законам, дае права зарэгістравацца ініцыятыўным групам па зборах подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя