Эканамічны і палітычны складнікі зняцца забароны на вываз паліва



Ёсць як эканамічны, так і палітычны складнікі сярод прычын, па якіх беларускія ўлады з 1 верасня адмяняюць абмежаванні на вываз аўтамабільнага паліва з Беларусі ў краіны Еўразвязу. Такую думку выказаў сустаршыня Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк, каардынатар кампаніі “За малы памежны рух”.

“Грошай ў краіне няма, а наперадзе выбары”, – кажа палітык.

– Яны могуць падняць кошты паліва, ад гэтага, безумоўна, ніхто не застрахаваны. Але можа быць і іншы бок медаля. Гэта тое, што маем усё ж такі парламенцкія выбары. Улада хацела б, каб Гарадзенская і Берасцейская вобласці былі больш дамоваздольнымі, былі больш спакойнымі. Таму што гэта тыя вобласці, якія найбольш маюць дачыненняў з Еўропай, з Еўразвязам. Тутэйшыя людзі па-іншаму трошкі думаюць, чым жыхары іншай часткі Беларусі. З другога боку, улады маглі гэта прыняць, маючы на ўвазе хуткае падвышэнне цэнаў на паліва.  

У адрозненне ад Беларусі, якая не абмяжоўвае вываз, у іншых краінах застаюцца абмежаванні на ўвоз паліва. Так, у краіны Еўразвязу можна правозіць толькі поўны стандартны бак паліва ў машыне і дадаткова каністру паліва аб’ёмам не больш за 10 літраў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя