Ігар Барысаў: Выбары – шанц для апазіцыі
Першы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў лічыць, што апазіцыя абавязкова павінна выкарыстаць гэтую парламенцкую кампанію ў сваіх мэтах.
Ігар Барысаў: Не даводзіцца спадзявацца, што ў практыцы правядзення выбараў нешта зменіцца. Дэкларацыі Цэнтрвыбаркама, што, маўляў, назіральнікаў пусцяць да сталоў на тры метры, а не на восем, як было раней, нічога не вырашае. І гэта не ёсць паляпшэнне ўмоваў для назірання. Вось калі пакажуць увесь працэс падліку галасоў, тады можна казаць пра нейкія зрухі.
РР: Але ці варта ўдзельнічаць у кампаніі, калі зменаў падчас выбараў ніхто не чакае?
Ігар Барысаў: Варта, бо выбары – гэта шанц для апазіцыі. Шанц данесці людзям сваю праўду, магчымасць паказаць, што яны могуць прапанаваць не горшы шлях, а лепшы. Па-другое, выбарчая кампанія – гэта заўсёды мабілізацыя людзей. Напрыклад, тыя палітычныя партыі, якія не ўдзельнічаюць у кампаніях (тая ж партыя КХП-БНФ альбо партыя БСДГ), ужо цалкам звузіліся і там фактычна засталіся адны лідары. Акрамя таго, падчас выбараў можна праводзіць афіцыйныя пікеты, размаўляць з людзьмі…
РР: Але ж выніку, калі ставіць за мэту патрапіць у парламент, нуль?
Ігар Барысаў: Я не думаю, што кагосьці з “нячэсных” прапусцяць у парламент. Гэта малаверагодна.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя