Мікалай Казлоў: Улада завострана на фальсіфікацыю выбараў



Менская гарадская выбарчая камісія зарэгістравала ініцыятыўную групу па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатам ў Палату прадстаўнікоў кіраўніка менскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Хоць раней камісія Старавіленскай акругі №105 ў гэтым адмовіла. У інтэрв’ю Радыё Рацыя палітык расказаў пра перыпетыі няпростага працэсу рэгістрацыі і планы на выбарчую кампанію.

„Дзяжурны Менскай гарадской камісіі паведаміў мне, што камісія Старавіленскай акругі №105 перавысіла свае паўнамоцтвы, адмовіўшы ў рэгістарцыі ініцыятыўнай групы. Зараз гэтае рашэнне адменена, прынятае новае рашэнне і ўжо праз некалькі гадзінаў я змагу атрымаць пасведчанні ўсіх сябраў групы,” – распавёў Мікалай Казлоў.

РР: А на якіх падставах Вам раней адмовілі ў рэгістрацыі

Мікалай Казлоў: Па надуманых. Раз гарадская камісія палічыла, што яны перавысілі свае паўнамоцтвы, значыць, ніякіх падставаў, каб адмовіць у рэгістрацыі, не было. Раней нам тлумачылі, што мы ўказалі месца жыхарства замест адраса прапіскі. Настолькі дробныя, нікчэмныя прыдзіркі, што не варта завастраць увагу на гэтыя дробязі. Таму што па факце мы зрабілі ўсё ў адпаведнасці з законам, і камісія абсалютна незаконна адмовіла ў рэгістарцыі. У выніку мы страцілі без малога тыдзень, падчас якога можна было збіраць подпісы. І яны нас, такім чынам, абмежавалі. Трэба сказаць, што гэтая камісія Старавіленскай выбарчай акругі №105 у мяне выклікае пытанні, наколькі яна кампетэнтная, наколькі яе кіраўнік на сваім месцы. Таму што  з самага першага дня ў нас адсутнічае ўзаемаразуменне. У нас і падчас здачы дакументаў былі нейкія канфлікты. Камісія нават не ведала, што яна абавязана іх прыняць. Для іх гэта была навіна! І прыйшлося званіць у Цэнтрвыбаркам, каб у рэшце рэшт  у нас прынялі гэтыя дакументы. А пасля гэтага нам адмовілі ў рэгістрацыі. Мне здаецца, што ўсё працягвае рабіцца па-старому.

РР: Вы, як былы падпалкоўнік міліцыі, ведаеце сістэму фальсіфікацый, махінацый на выбарах, так бы мовіць, з іншага боку…

Мікалай Казлоў:  Як гэта робіцца, ўжо шмат напісана ў інтэрнэце. Я нават спрабаваў гэта фіксаваць на відэакамеру. І павінен сказаць, што галоўным генератарам фальсіфікацый з’яўляюцца акружныя выбарчыя камісіі, на мой погляд. А непасрэдна займаюцца гэтым участковыя камісіі. І калі сыходзіць з цяперашняй сітуацыі, як яна развіваецца на сённяшні дзень у адносінах да альтэрнатыўных, апазіцыйных кандыдатаў, то ўжо можна з упэўненасцю сказаць, што „завастрэнне” на фальсіфікацыю засталося. Нічога не мяняецца. Калі эканмічны крызіс, эканамічны стан краіны прымушае гарадскую камісію неяк з большай павагай адносіцца да нас, і хаця б мала-мальскі звяртаць увагу на тое, што нейкае права існуе, то на ўзроўні акруговых і ўчастковых камісій усё застаецца па-ранейшаму.

РР: А з чым, з якой праграмай Вы ідзяце да выбаршчыкаў? Якія Вашы прапановы, што Вы хочаце змяніць?

Мікалай Казлоў: Па-першае, я іду як прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай  партыі. Я з’яўляюся кіраўніком яе Менскай гарадской арганізацыі. І таму іду найперш, з партыйнай праграмай „Мільён новых працоўных месцаў”. Гэта праграма сістэмных рэформаў. Акрамя гэтага, я, як супрацоўнік міліцыі, хацеў бы засяродзіцца на карупцыі чыноўнікаў. Я іду якраз па той акрузе, дзе вельмі ярка бачны вынікі гэтай карупцыі. Гэта ўсім вядомы, а для Цэнтральнага раёну Менску асабліва, элітны пасёлак Дразды, дзе чыноўнікі засяліліся вельмі кампактна. І незразумела, за чый кошт. Як яны здолелі за час працы на дзяржаву зарабіць такія сродкі? Мне хацелася б даведацца, за які кошт была праведзена велізарная праца па адсяленні людзей, па првядзенні новай інфраструктуры. У мяне вельмі шмат пытанняў. І я б хацеў, маючы паўнамоцтвы дэпутата, гэтыя пытанні ставіць. І трэба, каб праваахоўныя органы з гэтым разбіраліся. Таму што, на мой погляд, карупцыя зараз – гэта не проста хабар нейкаму настаўніку, урачу ці даішніку. Яна ужо ўзведзена на дзяржаўны ўзровень. Яна існуе ў велізаных памерах.

РР: А ў саміх Драздах не збіраецеся правесці пікеты?

Мікалай Казлоў: Я думаю пра гэта. Але акрамя пікетаў у нас ёсць іншыя спосабы збіраць подпісы – ад дзвярэй да дзвярэй. І мне вельмі цікава, як чыноўнікі паставяцца да праграмы сістэмных рэформаў „Мільён працоўных месцаў” – гэта асноўны пасыл нашай партыі і мой. Мне хацелася б азнаёміць іх з гэтай праграмай. І прапанаваць падпісацца ў маю падтрымку. Магчыма, яны якраз і падтрымаюць. З цяжкасцю верыцца, але прапанаваць трэба. За „спрос”, як кажуць, не б’юць…

РР: А ці ёсць у Вас задумы, як пераламіць гэты механізм фальсіфікацыі, які, як Вы ужо бачыце, рыхтуецца і для гэтых выбараў?

Мікалай Казлоў: Мабыць, вельмі складана зламаць гэты механізм, калі старшынямі і сябрамі ўчастковых камісій  будуць тыя ж людзі, якія былі там ужо 15-20 гадоў, усе былыя выбарчыя кампаніі. Вось на маім аблюбаваным участку, старшыня і намеснік па чарзе мяняюцца, то Гладкая Алеўціна, то Аляксей Пятніца. І ўсе сябры камісіі ўжо не адзін выбарчы цыкл разам. Складана пераламіць. Ім ужо не трэба, немагчыма „пераламвацца”, мяняцца. Яны ўжо цалкам павязаны з сістэмай. І чакаць, што яны павядуць сябе па-іншаму, неяк больш сумленна, не даводзіцца. Калі зменіцца гэтая сітуацыя, прыйдуць новыя людзі, тады ёсць надзея. І галоўнае –  кожны факт фальсіфікацыі павінен расследавацца. За кожны факт фальсіфікацыі кіраўнікі і сябры камісій павінны несці адказнасць. Нагадваю, што фальсіфікацыя выбараў – гэта крымінальнае злачынства. І як толькі вінаватыя пачнуць несці пакаранне, я ўпэўнены, сітуацыя памяняецца карэнным чынам.   Таму што непазбежнасць пакарання якраз адзін з галоўных спосабаў для выкаранення беззаконня, – падкрэсліў Мікалай Казлоў.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя