Адноўлена крымінальная справа па факце збіцця Міхаіла Пішчэўскага



Пасля смерці пацярпелага ўпраўленне Следчага камітэта Цэнтральнага раёна Менска аднавіла справу ў сувязі з „наступленнем больш цяжкіх наступстваў у выглядзе смерці пацярпелага”. Гісторыя здарылася два гады таму. Дзмітрый Лукашэвіч каля клуба, дзе праходзіла гей-вечарынка, збіў Міхаіла Пішчэўскага, хлопец доўгі час знаходзіўся ў коме. Тады Лукашэвіча прысудзілі да зняволення. Не адседзеўшы і палову тэрміну ён выйшаў па амністыі, а Пішчэўскі памёр у шпіталі. За справай сочыць праваабаронца Таццяна Равяка.

– Двойчы справа разглядался, калі Міхаіл быў яшчэ жывы. Тады прысуд 2 гады 8 месяцаў быў пакінуты ў сіле. Гэта ўжо трэці разгляд, і ён для нас быў абсалютна нечаканым. Дарэчы, як і для родных Міхаіла Пішчэўскага. Справа ініцыяваная пракуратурай.

Цяпер Лукашэвіча абвінавачваюць паўторна — і за хуліганства, і за прычыненне смерці па неасцярожнасці. Праваабаронцы і родныя Пішчэўскага лічаць, што прычынай канфлікту стала сексуальная арыентацыя пацярпелага. Падчас першага суда яны настойвалі, што гэта павінна быць акалічнасцю, якая абцяжарвае віну, аднак суд гэтае меркаванне не ўлічыў. Магчыма зараз нешта зменіцца – кажа Таццяна Равяка.

– Паглядзім, можа гэта знак на змену палітыкі ў дачыненні да злачынстваў на глебе ЛГБТ. Наколькі гэта зменіць саму палітыку ў адносінах да ЛГБТ, мне цяжка сказаць, але мы ўжо на гэтым прыкладзе назіраем, што ёсць пэўныя станоўчыя зрухі.

Лукашэвіч сваёй віны не прызнае. Ён не адмаўляе, што ўдарыў Пішчэўскага, але расцэньвае гэта толькі як цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота  Facebook