Генсек НАТА: Беларусь мусіць быць непарушнай і суверэннай



Беларусь мусіць быць непарушнай і суверэннай, Польшча і краіны Балтыі – пад асаблівым патранатам, – заявіў Енс Столтэнберг.

NATO

Генеральны сакратар НАТО Енс Столтэнберг даў прэсавую канферэнцыю па выніках першага дня саміта ў Варшаве. Найбольш чаканай і важнай дэкларацыяй стала афіцыйнае пацверджанне ўзмацнення ўсходняга фланга НАТА міжнароднымі батальёнамі. Таксама было заяўлена, што буйныя краіны Альянсу возьмуць пад асаблівы патранат Польшчу і краіны Балтыі:

– Мы прынялі наступныя рашэнні. Мы ўзмоцнім усходнюю частку Альянсу чатырма батальёнамі ў Польшчы, Літве, Латвіі ды Эстоніі па прынцыпе ратацыі. Гэтыя батальёны прадэманструюць трансатлантычную еднасць і гэта пакажа, што напад на аднаго чальца НАТА будзе расцэньвацца як напад на ўсіх. Мне прыемна абвясціць, што Канада будзе апорнай краінай для Латвіі, Нямеччына ачоліць батальён у Літве, Вялікабрытанія – у Эстоніі, а Злучаныя Штаты –  у Польшчы.

Журналістка тэлеканала “Белсат” Аліна Коўшык запыталася, чаму на Варшаўскі саміт не была запрошана дэлегацыя з Менска. Енс Столтэнберг патлумачыў, што саміт у польскай сталіцы – гэта сустрэча кіраўнікоў краінаў-чальцоў НАТА, але пытанне незалежнасці і непадзельнасці Беларусі з’яўляецца для Альянса прыярытэтным:

– Гэта сустрэча 28 краінаў-чальцоў НАТА,  а таксама Чарнагорыі, якая наблізілася да сяброўства ў Альянсе. Мы ўжо падпісалі пагадненне аб далучэнні, і гэты пратакол ужо ратыфікавалі ўсе 28 краінаў, таму Чарнагорыя стане сябрам Альянсу. Беларусь з’яўляецца суседкай краінаў Альянсу. Для нас важна падкрэсліць, што суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць усіх краінаў Еўропы павінна быць непарушнай, і вядома, гэта тычыцца таксама і Беларусі.

Міжнародныя батальёны НАТА з’явяцца ў Польшчы і краінах Балтыі ўжо ў наступным годзе. У сваім выступе генеральны сакратар Енс Столтэнберг патлумачыў, што ўзмацненне ўсходняй часткі Альянсу – гэта рашэнне, вымушанае анэксіяй Крыма ў 2014 годзе.

Апроч таго, кіраўнік Паўночнаатлантычнага Альянсу анансаваў стварэнне падобнага батальёна ў Румыніі, а таксама зазначыў, што вырашана абвясціць пачатковую аперацыйную гатоўнасць абарончай сістэмы балістычных ракет НАТА. Гэта значыць, што амерыканскія караблі ля Гішпаніі, радары ў Турэччыне і сістэма перахопнікаў у Румыніі цяпер змогуць працаваць сумесна пад кантролем Альянсу. “Сістэма носіць выключна мірны характар – гэта шчыт супраць атакаў з пазаеўраатлантычнай супольнасці, які не нясе пагрозы расейскай сістэме ядзернай абароны,” – дадаў Енс Столтэнберг.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота rp.pl