Уладзімір Някляеў: Мне дазволіў Янка Купала
Вядомы пісьменнік і палітык Уладзімір Някляеў адзначае сваё 70-годдзе. З гэтай нагоды ў выдавецтве “Кнігазбор” выйшаў ягоны паэтычны зборнік з назвай “Толькі вершы”.
Юбіляр меркаваў правесці прэзентацыю кнігі ў менскім Купалаўскім скверы каля помніка Янку Купалу. Някляеў звярнуўся да сталічных уладаў па дазвол на правядзенне мерапрыемства:
– На жаль, мне не дазволілі літаратурныя чытанні. І нават адзін чыноўнік патэлефанаваў, даведаўшыся пра тое, што, нягледзячы на ўсе забароны, я прыйду да Купалы, як прыходзіў да яго заўсёды, і буду чытаць, як заўсёды, вершы. Ён сказаў: А хто Вам дазволіў?! Я яму адказаў: Янка Купала.
Тым не менш, Уладзімір Някляеў мае намер правесці прэзентацыю кнігі на вольным паветры. У імпрэзе возмуць удзел музыкі Лявон Вольскі і Зміцер Вайцюшкевіч. Паэтычныя чытанні адбудуцца 11 ліпеня а 19-й гадзіне.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя