Мікалай Уласевіч: Я ўключыўся ў выбарчую кампанію



Грамадcкі актывіст, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Уласевіч зарэгістраваны ў Смаргонскай выбарчай акрузе №59 як прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Доўгія гады ён змагаецца супраць пабудовы атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Як заўважае Уласевіч, акруговая выбарчая камісія шмат на што ўплывае, і складаецца выключна з праўладных людзей:

– Можна лічыць, што я ўключыўся ў выбарчую кампанію. Маю ініцыятыўную групу зарэгістравалі, і я ўжо правёў два пікеты ў Смаргоні. Пытанняў, якія я хачу ўзняць падчас кампаніі, дастаткова многа. Напэўна першым з іх будзе пытанне будаўніцтва Астравецкай АЭС. Другое пытанне – гэта праблемы карупцыі. Трэцяе – гэта пытанне малога памежнага руху. Безумоўна, будуць і іншыя, можа трошкі меньш важныя.

Трэба сабраць тысячу подпісаў, каб быць зарэгістраваным у якасьці кандыдата. Але фальсіфікацыя падліку галасоў падчас выбарчай кампаніі не пакідае надзеі на перамогу Мікалая Уласевіча. Ён мае багаты вопыт дэпутацтва. З 1985-га па 1995-ты гады ён быў дэпутатам Астравецкага Савета народных дэпутатаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя