Выбары 1990: БНФ рыхтуе пагромы, а КПБ у кроку ад паразы



Парадокс – падчас выбарчай кампаніі 1990 года агітавалі за барацьбу з бюракратыяй, абяцалі прыціснуць наменклатуру, палепшыць сацыяльна-эканамічны стан, паменьшыць ролю КПСС, казалі пра ўсё, акрамя незалежнасці. Але менавіта абранаму тады Вярхоўнаму Савету БССР наканавана стаць першым парламентам суверэннай Беларусі. Мясцовыя Саветы народных дэпутатаў атрымалі рэальныя паўнамоцтвы самакіравання.

Мінула чвэрць стагоддзя, як у краіне адбыліся першыя альтэрнатыўныя выбары. Колькі надзеі, колькі спадзяванняў і шчырай працы было ў той кампаніі. Непраўладныя кандыдаты, як маглі паказвалі творчыя здольнасці ў падрыхтоўцы плакатаў, стэндаў, прамоў. Мітынгі, пікеты, сустрэчы… У гэты вір цяпер пераносяць архіўныя дакументы і перш за ўсё ўлёткі. Яны захоўваюць энергетыку вясны 1990 года, бо рабіліся ні нейкімі піяршчыкамі па шаблону, а нараджаліся ў руплівай працы кандыдата. Перачытаем разам.

Цяжка ахапіць усю краіну. Разгледзім Пінск і гэта справядліва, бо менавіта мясцовы Савет дэпутатаў адзін з нямногіх у СССР, ды яшчэ першым, асудзіў дзеянні “ГКЧП” і агучыў патрабаванне вярнуць краіне законна абранага прэзідэнта Міхаіла Гарбачова. Акрамя таго пінскія дэпутаты апячаталі гаркам Кампартыі і схілілі на свой бок гарадскі аддзел міліцыі.

Мастак Шатохін: Буду так працаваць, каб землякам не было сорамна!

Знаны беларускі графік, педагог, заснавальнік Пінскай дзіцячай мастацкай школы Яўген Шатохін (1947-2012) саступіў дэпутацкае крэсла ў Вярхоўным Савеце Анатолю Волкаву, але атрымаў мандат у Гарсавеце. На той момант Волкаў быў малавядомай асобай, але ўжо праз некалькі год ягонае прозвішча загучыць на ўсю краіну. Усё дзякуючы “Чарнобыльскаму цэнтру ў Пінску”, які ў народзе назавуць “Цэнтр Волкава”. Цяпер установы, як і самаго Анатоля Ягоравіча няма.

Шатохін і Волкаў змагаліся да апошняга. Хапіла ўсяго: інтрыгі, бруд, абвінавачванні. Праводзілася нават грамадскае разбіральніцтва па факце праўдзівасці навуковых заслугаў Волкава. З сэнсам справы магчыма азнаёміцца па прыведзіным ніжэй лістам.

Нядзіўна, што ў Шатохіна былі самыя каляровыя і прыгожыя агітацыйныя плакаты, ўсё ж мастак і на той момант досыць вядомы далёка за межамі Піншчыны. Сам Яўген Сяргеевіч не надта ўзгадваў сваю паразу 1990-га года, можа з-за таго, што тады ў Гарсавеце было шмат працы, не кажучы за парламент.

[Not a valid template]

Чорны піяр: БНФ рыхтуе ў Пінску пагромы! Нацыяналісты жадаюць крыві!

У сакавіку 1990 года Пінск перапаўнялі чуткі, што Беларускі Народны Фронт рыхтуе акцыі пагромаў. Невядомыя аўтары паклёпу папярэджвалі “камуністаў і яўрэяў”, усё рабілася ў лепшых традыцыях чорнага піяру. Магчыма, гэта была рэакцыя ўладаў на распаўсюджаную актывістамі БНФ ўлётку “Яны не павінны прайсці!”. Фронтаўцы заклікалі пакончыць з наменклатурай, забраць адміністрацыйныя рычагі ў камуністаў і выкрывалі іх хлусню, выкарыстанне паўнамоцтваў для асабістага ўзбагачэння. Такога савецкія бюракраты не маглі прабачыць.

[Not a valid template]

Іосіф Сярэдзіч абяцаў выратаваць і захаваць Палессе, а ў выніку…

Пэўна больш за ўсіх тэму Палесся выкарыстаў Іосіф Сярэдзіч і гэта было актуальным на той момант. Варта прыгадаць актыўную дзейнасць у часы перабудовы аб’яднання “Полісьсе” на чале якой стаяў Мікола Шэляговіч. Канечне, Сярэдзіч не казаў пра нейкую аўтаномію або ўвогуле незалежнасць краю, але пытанні гучалі ў палескім кантэксце.

Палешукі паверылі свайму хлопцу, Іосіф Паўлавіч паходзіць з вёскі Забараўцы, што ў 20 кіламетрах на поўнач ад Пінска. Падчас дэпутацтва займаў пасаду рэдактара “Народнай газеты”, друкаванага органа парламента, а з 1995 года выдае недзяржаўную газету “Народная Воля”.

[Not a valid template]

Прэзідэнт Віктар Алампіеў даўно змагаецца з бюракратамі, а дзе былі іншыя?!

“Задумайцеся, дзе былі 2-3 гады таму тыя кандыдаты, якія сёння выступаюць з такімі цудоўнымі праграмамі, але голас якіх, на жаль, ня быў чутны тады. Дзе былі яны і, у чым выявілася іх грамадзянская пазіцыя, іх мужнасць? Бо службовае становішча многіх з іх дазваляла зрабіць вельмі шмат па самым балючым пытаннях жыцця людзей. Мы ўпэўненыя, паважаны выбаршчык, што вы не памыліцеся, аддаўшы свой голас за В.П. Алампіева. Гэта чалавек, які добра ведае Вашы праблемы, таму што ён жыве такім жа жыццём, што і Вы. Ён стаіць у тых жа чэргах, ездзіць разам з Вамі ў перапоўненых аўтобусах і ўсю бязладзіцу нашага жыцця адчувае на сабе гэтак жа, як Вы …”, – з улёткі.

Віктар Пятровіч, тады начальнік інфармацыйна-вылічальнага цэнтру прамыслова-гандлёвага аб’яднання „Палессе”, з’яўляўся прэзідэнтам Клуба выбаршчыкаў Пінска. Ён трапіў у Вярхоны Савета з другога тура. У парламенце Алампіеў уваходзіў у Камісію па эканамічнай рэформе, дасягненню эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту рэспублікі. Таксама з’яўляўся чальцом Цэнтральнай Рады Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.

Прэзідэнт Клуба выбаршчыкаў Пінска зрабіў улётку у выглядзе здымка, дакладней, гэта і быў здымак.

[Not a valid template]

Дырэктар КСВ: прашу прабачэння, паважаныя выбаршчыкі!

Кіраўнік Пінскага камбіната сілікатных вырабаў Барыс Косцін, які вылучаўся ў Берасцейскі абласны Савет народных дэпутатаў, прасіў прабачэння. Усё з-за таго, што па ягонай акрузе быў прызначаны трэці тур. У 2016 годзе цяжка ўявіць другі тур, а то трэці. Барыс Васільевіч вельмі хваляваўся, што прыходзіцца ў трэці раз турбаваць грамадзян і ў адной з улётак папрасіў дараваць яму за гэта.

[Not a valid template]

КПСС ідзе адзіным фронтам – За Сацыялістычную Дэмакратыю!

Калі альтэрнатыўныя кандыдаты ішлі ў разнабой, не мелі агульнай формы улётак, кожны па-свойму даносіў пазіцыю, то праўладныя кандыдаты прадстаўлялі адзіную сілу. Агульны шаблон улётак, плакатаў, фотаздымкаў, лозунгаў і амаль адны і тыя ж абяцанні.

[Not a valid template]

Выбары-1990 і выбары-2016: што агульнага?

Сёлета ў Беларусі чарговая парламенцкая кампанія. Што агульнага? Ды бадай нічога, акрамя закліку да актыўнага ўдзелу. Гэтае падабенства праходзіць праз усе выбары.

[Not a valid template]

Выбары 1990 года паказалі, наколькі беларусам цікавая палітыка і наколькі яны хочуць браць у ёй удзел, калі гэта рэальная барацьба.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя