НАТА ля брамаў Расеі



Сёння ў Бруселі адбудзецца пасяджэнне Рады НАТА – Расея. Як паведаміў расейскі МЗС, галоўнай тэмай сустрэчы будуць рашэнні прынятыя на саміце НАТА ў Варшаве. Расейская прапаганда прадстаўляе рашэнні НАТА як падрыхтоўку да вайны з Расей.

У камунікаце Міністэрства замежных спраў Расеі гаворыцца, што Масква хоча найперш размаўляць пры рызыку, якую цягне за сабою сістэма супрацьракетнай абароны НАТА ў Еўропе. Расея хоча абмяркаваць пытанне авіяцыйнай бяспекі ў раёне балтыйскага мора, сітуацыю ва Украіне і Аўганістане. Апошняя сустрэча Рады НАТА – Расея адбылася два гады таму ў іншай, міжнароднай абстаноўцы. “НАТА засяроджвае свае сілы на тым, каб супрацьстаяць неіснучай пагрозе з Усходу”, – заявіў расейскі МЗС. Затое апошні кіраўнік Савецкага Саюза, лаўрэат Нобелеўскай прэміі – Міхаіл Гарбачоў ляпнуў яшчэ мацней: „Дзеянні НАТА выглядаюць як падрыхтоўка да вайны супраць Расеі або як мінімум падбухторванне да яе. „Цяперашняя рыторыка НАТА нагадвае „аб’яўленне Расеі вайны”, – заявіў Гарбачоў.

Пасля некалькіх дзён роздуму, на саміт НАТА адрэагавала і расейская прапаганда. Яна прамовіла вуснамі галоўнага брахуна Дзмітрыя Кісялёва. Ён кожны тыдзень у праграме „Навіны тыдня” тлумачыць мільёнам расейцаў, якое чарговае свінства той пракляты Захад зрабіў мірнай Расеі. „Агрэсіўнае набліжэнне НАТА да межаў Расеі, новыя базы, аэрадромы, пункты камандавання і лучнасці не пакідаюць сумневу: НАТА рыхтуецца да вайны. Вораг ля нашых брамаў”, – заявіў галоўны крамлёўскі прапагандыст. Па словах Кісялёва, НАТА нельга больш разглядаць як партнёра але як ворага. Маўляў, расейцы маюць усе падставы баяцца, бо „альянс НАТА ніколі ў гісторыі нікога не абараніў, затое праводзіў агрэсіўныя аперацыя як для прыкладу ў Югаславіі і Лівіі. Ясна, што ў такой сітуацыі Расея павінна адпаведна адрэагаваць”, – пафасна заявіў Кісялёў. Таксама іншыя расейскія журналісты пераконваюць, што размяшчэнне новых базаў у самых антырасейскіх краінах уздоўж мяжы паказвае, што на абароне ўсё не закончыцца. Пасля такіх публікацыяў і заяваў можна быць упэўненым, што гэтак думаюць не толькі ў Крамлі, але і абсалютная большасць расейцаў. „80% расейцаў чэрпаюць інфармацыю з праграмаў, якія знаходзяцца на першых месцах. Яны там чуюць выключна тое, што гэта каварных Захад вінаваты ва ўсіх бедах і праблемах”, – кажа Вольга Ірысава, рэдактарка „Intersection Project” i аналітык Цэнтра польска-расейскага дыялогу і паразумення.

Тым часам міністр замежных спраў ФРГ Штайнмайер лічыць абгрунтаваным размяшчэнне жаўнераў НАТА ў Польшчы і балтыйскіх рэспубліках. Сустрэчу Рады НАТА-Расея ён назваў „шанцам, каб адкрыта патлумачыць рашэнні прынятыя ў Варшаве і пачаць сур’ёзны ды трывалы дыялог з Расеяй”. Зрэшты і ў заключным камюнікэ саміту НАТА гаварылася, што „альянс адкрыты на рэгулярны дыялог з Расеяй” а рашэні пра ўзмацненне ўсходняга флангу былі выкліканыя агрэсіўнымі дзеннямі Расеі супраць Украіны і тым, што Расея стала прычынай нестабільнасці ў рэгіёне.

Я лічу, варта падкрэсліць факт, што беларускія саюзнікі і браты Расеі не падзяляюць тону расейскай прапаганды. „Беларусь не бачыць прамой пагрозы для сваёй бяспекі ад размяшчэння дадатковых батальёнаў НАТА ў Польшчы і краінах Балтыі”, – заявіла намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына па выніках нефармальнай сустрэчы міністраў замежных справаў „Усходняга партнёрства” ў Кіеве 11 ліпеня. Атрымліваецца, што ў Менску думаюць сваімі мазгамі. Цікава толькі тое, як гэта будзе успрынятае ў Крамлі. Ці гэта не чарговы доказ павяроту Менску ў бок Захаду.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ