Беларусы з Польшчы змогуць бясплатна вучыцца ў Беларусі?
На ільготных умовах – на бясплатнае навучанне. Гэта прапанова для беларусаў Поьшчы, якія захочуць вучыцца ў беларускіх ВНУ. Зараз распрацоўваюцца падрабязныя ўмовы праграмы, якая ў 90-я гады карысталася вялікай папулярнасцю сярод абітурыентаў з Польшчы. Кажа дырэктар Культурнага цэнтра Рэспублікі Беларусь у Польшчы Эдуард Швайко:
– Згодна з паразуменнем паміж Польшчай і Беларуссю, этнічныя беларусы з Польшчы могуць паступаць у беларускія ВНУ на бюджэт, як і этнічныя палякі ў Беларусі паступаюць на бюджэт у польскія ўніверсітэты.
У пэўны час была ўведзена настрыфікацыя дыпломаў польскім бокам, і гэта прыпыніла працэс паступлення ў беларускія ВНУ, бо было цяжка бацькам і іх дзецям зразумець, што пасля вяртання ў Польшчу навучэнцы мусяць нанова здаваць экзамены, каб пацвердзіць сваю кваліфікацыю.
Але апошнім часам зноў узнікае такая зацікаўленасць. Мы са свайго боку будзем падтрымліваць гэта. Працэдура такая, што прыязджае камісія ў Беласток, і на падставе ўступных экзаменаў будуць выбірацца будучыя студэнты для навучання ў беларускіх ВНУ. Гэты падыход застаецца і зараз. Апошнім часам мы ў кантакце з дырэктарамі навучальных установаў на Падляшшы, якія кажуць, што ёсць такое зацікаўленне. З другога боку, зараз на ўзроўні нашых кантактаў з Польшчай мы таксама вядзём размову ў такім кірунку, каб усё ж спрасціць гэтыя падыходы ў галіне атрымання вышэйшай адукацыі ў нашых краінах з тым, каб на ўзаемных умовах можна было прызнаваць дыпломы.
Андрэй Сцепанюк – дырэктар ІІ Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання ў Бельску Падляшскім:
– Пабачым, якое будзе зацікаўленне з боку моладзі. З увагі на тое, што я ўжо дасканала памятаю, што дзесьці напачатку 90-х была такая магчымасць. Гэта быў перыяд, калі было вялікае зацікаўленне. Пасля паціху гэта вымірала. Пазней ўзнікла і праблема настрыфікацыі дыпломаў, якія атрымліваліся ў Беларусі. Навучэнцы пасля вяртання ў Польшчу мусілі скончыць курсы ці пачаць чарговае навучанне ў польскай вышэйшай навучальнай установе, каб падтрымаць атрыманае навуковае званне.
Яўген Сачко – дырэктар комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы:
– З нашай школы ў год гэта было 19-20, а часамі і больш вучняў. Мы, калі скіроўвалі вучняў у гэтыя ВНУ, прынялі для сябе такі прынцып: гэта таксама павінен быць вучань, пра якога мы дакладна ведаем, што ён будзе там вучыцца, здолее здаць усе экзамены. Таму школа не ўсіх ахвотных хацела скіроўваць на тое навучанне. Бо дзеля гэтага трэба было падтрымліваць пэўны ўзровень.
Былі таксама такія выпадкі, калі праз год-два студэнты пераводзіліся ў польскія ВНУ. Калі яны прыязджалі, то таксама часта гаварылі, што яны ідуць з беларускага ліцэя вучыцца ў Беларусь, а там усё выкладаюць на расейскай мове. Таму гэта таксама стала прычынай таго, што паціху, з года ў год, кандыдатаў было менш.
Працягвае Эдуард Швайко:
– За гэты год былі толькі адзінкі, хто паступаў. Таму, вядома, умовы паступлення былі льготныя, фактычна не трэба было здаваць экзаменаў, якія здаюць грамадзяне Беларусі. Па-другое, ільгота яшчэ ў тым, што, калі паступае малады чалавек ці дзяўчына на бюджэт, яны атрымліваюць стыпендыю, інтэрнат для пражывання. Што тычыцца дадатковых ільгот іх побыту ў Беларусі, то яны будуць у рамках беларускага заканадаўства.
Абмежаванняў датычна паступлення няма. Найчасцей цікавяцца радыёэлектронікай, медыцынай. Цікавяць моладзь і спецыяльнасці, якія тычацца артыстычных дысцыплін, кальтуры, мастацтва і г.д.
Андрэй Сцепанюк:
– Прайшло ўжо шмат гадоў. І калі пра гэта гаварыць, то трэба пачаць даволі вялікую інфармацыйную акцыю сярод моладзі і іх бацькоў, каб ведаць, ці ёсць сярод іх такое зацікаўленне і колькі будзе ахвотных.
Калі праграма рэальна пачне працаваць, тады штогод будзе прымацца 20 беларусаў Польшчы на выбраны імі факультэт. А пакуль дырэктары ліцэяў у Бельску Падляшскім і Гайнаўцы з дадатковым навучаннем беларускай мовы не маюць афіцыйнай інфармацыі на гэтую тэму.
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя