У Баранавічах выбарчыя жарсці накаляюцца



Назіральнік Баранавіцкай Заходняй выбарчай акругі №5 Сяргей Гоўша патрабуе, каб праца акруговай камісіі была адкрытай і празрыстай. Гэта азначае, што  на паседжаннях камісіі можна карыстацца аўдыё- і відэатэхнікай – рабіць здымкі і запіс на дыктафон. Што цяпер забаронена рашэннем камісіі, кажа Сяргей Гоўша:

– Камісія мне забараняе на падставе артыкула 53 Канстытуцыі, якая кажа, што кожны павінен паважаць годнасць, правы, волю і інтарэсы іншых асоб. Пры чым тут артыкул 53 да выбараў? Рабі ўсё адкрыта і паводле закону, тады і не бойся нічога.

Сяргей Гоўша звярнуўся са скаргай у Берасцейскую абласную выбарчую камісію на дзеянні Баранавіцкай Заходняй  выбарчай акруговай камісіі №5. Ён просіць адмяніць незаконнае рашэнне камісіі пра забарону аўдыё- і відэатэхнікі ў час паседжанняў камісіі. Згодна артыкулу 66 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта і галосна.

Беларускае Радыё Рацыя