Рашэнне ў дачыненні да трох каталіцкіх святароў перагледжана



Пра гэта гаворыцца ў паведамленні арцыбіскупа, мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, размешчаным на сайце catholic.by.

2011 Wroclaw koloratka ksiadz kosciol modlitwa Fot. Pawel Koziol / WP.PL

„Адменена пастанова аб неўзгадненні душпастырскай дзейнасці трох святароў з Польшчы. Інфармацыю пра гэта курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі атрымала з Аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь 14 ліпеня”, – адзначаецца ў паведамленні.

„Такім чынам святары а. Раман Шульц OP — пробашч парафіі Св. Казіміра ў Магілёве, канвентуальны францішканін а. Лех Баханэк OFM Conv — пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла ў Івянцы, аблат а. Ежы Катоўскі OMI — пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і св. Крыштафа ў Калодзішчах (Менскі р-н) будуць працягваць сваю душпастырскую дзейнасць на сваіх месцах у нашай краіне. Выказваю сваю ўдзячнасць дзяржаўным уладам за пазітыўны перагляд свайго рашэння. У будучыні спадзяюся на канстуктыйны падыход да падобных сітуацый, дыялог і разуменне нашага сумеснага служэння людзям нашай Бацькаўшчыны.

Сардэчна дзякую ўсім святарам, кансэкраваным асобам і вернікам Магілёўскага рэгіёну за малітву і падтрымку. Падзякуем Богу і Маці Божай Бялыніцкай за гэтую ласку і памолімся аб Божым благаслаўленні на далейшае плённае служэнне жыхарам Магілёўшчыны.

Заахвочваю таксама маліцца аб новых і шматлікіх святарскіх пакліканнях у нашым Касцёле, бо „жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала”, – адзначаецца ў паведамленні мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.