Ян Мельнікаў: Рызыка дэпартацыі дабраахвотнікаў з АТА ўсё яшчэ існуе



Беларускія дабраахвотнікі, якія ваююць ва Украіне чакаюць на легалізацыю.

Ян Мельнікаў

Як вядома, прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка  яшчэ месяц таму падпісаў закон, які дазволіць іншаземцам і асобам без грамадзянства афіцыйна служыць ва Узброеных Сілах Украіны, аднак пакуль што незразумела, як гэты закон будзе дзейнічаць, гаворыць Ян Мельнікаў з Тактычнай Групы “Беларусь”.

У каментары для нашага радыё беларускі дабраахвотнік распавёў, што баі на Данбасе ўсцяж ідуць, нягледзячы на Менскія пагадненні, а беларусы бароняць украінскую дзяржаву на лініі фронту, утрымліваючыся за кошт дапамогі прыватных асобаў, беларусаў з эміграцыі і валанцёраў:

Ян Мельнікаў: Калі казаць пра тое, што адбываецца цяпер, то такой актыўнасці, якая была ў першы год, у 2014 і аж да верасня 2015,  цяпер няма. Фронт з большага стаіць на адным месцы, тэрыторыі не пераходзяць з рук у рукі. Няма новых “катлоў”, не адбываецца новых наступаў ані з боку Украіны, ані з боку незаконных узброенных фармаванняў. Але казаць пра тое, што цяпер ёсць перамір’е – немагчыма, пра выкананне Менскіх умоваў таксама казаць не выпадае.  Баі трываюць, у Аўдзееўскім напрамку, у напрамку дарогі на Дэбальцава. У прамзоне Аўдзееўкі амаль кожны дзень ёсць ахвяры, ёсць параненыя, забітыя. Ідуць моцныя баі, артабстрэлы. Таксама паселішча Пяскі як і раней падвяргаецца артабстрэлам, і нават з калібрам больш за 100 мм, які забаронены пагадненнямі. То бок, перамір’я і выканання пагадненняў як такіх няма.

Беларускія байцы як і раней знаходзяцца на фронце, байцы Тактычнае Групы “Беларусь” як і раней бароняць тэрыторыю Украіны.

РР: А які цяпер вы маеце статус? Ці ёсць у вас магчымасць легалізавацца, каб украінская дзяржава ўрэшце прызнала, што беларусы, якія бароняць Украіну, заслугоўваюць на абарону украінскае дзяржавы?

Ян Мельнікаў: Не так даўно прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ, згодна з якім іншаземцы маюць права несці службу ва Узброеных Сілах Украіны. Гэты закон толькі падпісаны, усіх працэдураў мы не ведаем, мы толькі азнаёмліваемся з афармленнем. У якасці эксперымента, баец нашае Тактычнае групы Аляксей “Тур” ужо атрымаў квіток Узброеных Сілаў Украіны, і праходзіць падрыхтоўку ў частцы Нацгвардыі. Калі ўсё будзе ўдала, то ўслед за “Турам” іншыя беларусы пойдуць таксама.

РР: Ці гэта азначае, што вы павінны будзеце прыняць украінскае грамадзянства? Якія ў вас будуць умовы, ці вы сапраўды будзеце роўнымі з украінцамі, якія ваююць?

Ян Мельнікаў: Не, пра ўкраінскае грамадзянства зараз размова не ідзе. Мы маем від на жыхарства, мы знаходзімся ва Украіне афіцыйна, ідзе размова пра тое, каб абараняць дзяржава ў лавах Узброеных Сілаў Украіны. Як вядома, нашы хлопцы ў розных дабраахвотніцкіх батальёнах, ці то АУН у Пясках, дзе Эдуард Лобаў, ці то байцы ва Украінскай Дабраахвотніцкай Арміі, баронячы тэрыторыю ў розных сектарах, але ў якасці дабраахвотнікаў. Калі будзе варыянт. Калі будзе варыянт рабіць гэта афіцыйна і без перашкодаў ва Узброеных Сілах, то мы прыкладзем усе намаганні для гэтага.

РР: Вы маеце дазвол на пражыванне ва Украіне, а ці сапраўды ўсе байцы гэта маюць і ці не ўзнікае праблемаў нават з такім элементарным дакументам, як дазвол на побыт?

Ян Мельнікаў: Сказаць пра тое, што ён лёгка атрымоўваецца, мы не можам. Але гэта не нешта на ўзроўні немагчымага. Усе ахвочыя, усе байцы, якія бароняць, ім ёсць дапамога з боку пэўных дэпутатаў з Парламента Украіны, з іх удзелам байцы атрымоўваюць від на жыхарства, і афіцыйна знаходзяцца ва Украіне.

РР: А як выглядае сітуацыя з украінскім дабраахвотнікамі, ці яны таксама ўтрымоўваюцца валанцёрамі?

Ян Мельнікаў: Сітуацыя такая самая, нічога не змянілася.

РР: То бок, менавіта цяпер ёсць нейкія зрухі, але вы не ведаеце, чаго ад гэтага чакаць? Вы глядзіце на гэта з аптымізмам?

Ян Мельнікаў: Любыя пазітыўныя зрухі на карысць дабраахвотнікаў, іншаземцаў, якія бароняць Украіну на адным узроўні з украінцамі – гэта ўжо добра. Я не кажу пра тое, што я не ведаю, як гэта ўвогуле будзе выглядаць, але нават сама працэдура афармлення дабраахвотнікаў ва украінскім войску да канца не адпрацавана. Тут юрыдычныя моманты, моманты з прысягай, кантракт, на які тэрмін – гэта ўсё знаходзіцца ў стадыі дапрацоўкі. Яно ўсё сырое,  дагэтуль няма яснае карціны як будзе выглядаць служба іншаземцаў. Мы за гэтым працэсам сочым з зацікаўленасцю. Калі ўсё будз наладжана, будзем намагацца атрымоўваць вайсковыя квіткі Украіны.

РР: Значыцца, ужо такое сітуацыі не наступіць, што беларусаў могуць дэпартаваць з Украіны да Лукашэнкі?

Ян Мельнікаў: Як вядома, народны дэпутат Украіны Ігар Гузь унес законапраект па забарону экстрадыцыі байцоў-іншаземцаў і пра забарону абмену інфармацыяй пра байцоў з нашымі спецслужбамі. Калі гэта будзе прынята, то мы зможам упэўнена сказаць, што так. Пакуль што гэтая рызыка існуе.

РР: Набліжаецца гадавіна смерці Алеся Чаркашына. Ці Тактычная Група “Беларусь” збіраецца зрабіць нейкія акцыі ўшанавання памяці?

Ян Мельнікаў: З нашага боку цяпер ідзе праца над тым, каб усталяваць помнік у гадавіну смерці Алеся на могілках пад Берасцем, дзе ён пахаваны. Таму мы хочам яшчэ раз нагадаць і заклікаць усіх ахвочых падтрымаць сям’ю, і ўшанаваць светлую памяць Алеся, і прыйсці 28 жніўня ў гадавіну яго смерці, калі будзе ўсталяванне помніка.   

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя