Сам сабе гаспадар
Уладзімір Лукошык – адзін з самых буйных фермераў на Гарадоччыне, хоць па сённяшніх мерках адносіць сябе да гаспадароў сярэдняга ўзроўню. На ўласны хлеб ён пайшоў яшчэ ў 1980 годзе, і з таго часу бесперапынна займаецца вытворчасцю малака. Цяпер разам з сям’ёй утрымлівае каля 180 галоў жывёлы, ды мае каля 100 гектараў зямлі, без уліку лесу. Калі Уладзімір Лукошык пачынаў, то існавалі дзяржаўныя гаспадаркі, але ён заўсёды ведаў, што хоча працаваць на самога сябе:
– Самая галоўная розніца – што б чалавек не зрабіў, ён гэта робіць для сябе і пад сваю адказнасць. Не было такога, каб я два-тры дні нешта рабіў, гэта змарнавалася ці не выйшла, і мне нехта гэта даў. Гэта выключна мая страта. Але калі выйдзе, што я нешта добра зраблю – то гэта выключна мой здбытак. Таму гэта мне падабаецца.
Уладзімір Лукошык прыгадвае, што Польшча была адной з тых краін, дзе разам з так званымі саўгасамі захоўваліся адзінаасобныя гаспадаркі. Праўда, у 50-ыя гады была спроба прымусовага пераводу гаспадароў у калгасы, што выклікала вялікія пратэсты. “Таму дзяржаўныя гаспадаркі ніколі не здабылі ў нас вялікага ўплыву”, – дадае наш суразмоўца.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота wiadomosci.dziennik.pl