Вітальд Вашчыкоўскі: Лічба ахвяр расце



Польшча пакуль не мае звестак пра загінулых у Ніцы суайчынніках.

Вітальд Вашчыкоўскі

Міністр замежных спраў Вітальд Вашчыкоўскі падкрэсліў, што сітуацыя ўвесь час змяняецца:

– Пакуль ідзе следства, ідэнтыфікацыя ахвяр. Лічба ахвяр расце, бо вялізная колькасць параненых людзей і мы можам толькі маліцца, каб гэтых ахвяр не было больш.

Міністр Вашчыкоўскі пракаментаваў таксама той факт, што чарговы тэрарыстычны акт адбыўся менавіта ў Францыі:

– Францыя даўно з’яўляецца мэтай джыхадзістаў, як унутраных, так і знешніх. Калі краіна, якая мае такі досвед у вайне з тэрарызмам напрацягу гадоў, якая мае такія дасведчаныя службы, з’яўляецца мэтай такіх тэрактаў, і гэтыя тэракты выніковыя, то можна толькі задумвацца ці не можа быць яшчэ горш у іншых краінах.

Сёння ўначы, у французскае нацыянальнае свята, на набярэжнай Ніцы грузавік пратараніў натоўп людзей. Ён праехаў каля двух кіламетраў, пакуль паліцэйскі не застрэліў тэрарыста.

Французскі прэзідэнт назваў трагедыю тэрактам. Вядома пра 84 загінулых, сярод іх ёсць замежнікі. Ужо дакладна вядома пра адну грамадзянку Расеі.

Беларускае Радыё Рацыя