Ларыса Геніюш да гэтай пары не рэабілітаваная – ці гэта нармальна?



Маладыя актывісты партыі БНФ праводзяць кампанію за рэабілітацыю беларускай паэткі і грамадскай дзяячкі, выбітнай ураджэнкі Гарадзенскай зямлі Ларысы Геніюш. Подпіс можна паставіць на пікетах у Менску, Гомелі, Берасці, Воршы ды Магілёве, а таксама ў офісе Партыі БНФ. „Актывісты будуць дамагацца таксама стварэння помніка Ларысе Геніюш і перайменавання адной з вуліц у яе гонар,” – кажа намеснік старшыні партыі БНФ – Рыгор Кастусёў.

– Такая ідэя з’явілася, і вырашылі заняцца рэабілітацыяй Ларысы Геніюш. Праз збор подпісаў паспрабаваць вырашыць справу станоўча. На колькі гэта ўдасца, пакуль цяжка сказаць. Улады, не тое, што ніяк, улады адмаўляліся разглядаць гэтае пытанне. Паспрабуем праз збор подпісаў, праз зварот ад вялікай колькасці людзей усё ж такі выйсці да ўлады і паспрабаваць рэабілітаваць славутую паэтку. Бо Ларыса Геніюш была пакараная незаконна, тое, што да гэтай пары яна не рэабілітаваная – гэта ненармальная з’ява.

Беларуская паэтка, пісьменніца, дзяячка нацыянальнага руху Ларыса Геніюш была арыштаваная ў 1948 годзе, асуджаная на 25 гадоў зняволення ды апраўленая ў сібірскія лагеры.  У 1956 годзе яе тэрмін пакарання зменшылі да васьмі гадоў. Пасля вызвалення доўгі час творчасць Геніюш была пад забаронай. Паэтка так і не была рэабілітаваная. Памерла Ларыса Геніюш у 1983 годзе і была пахаваная ў Зэльве, што на Гарадзеншчыне.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя