Блогер Сяргей Пятрухін будзе збіраць подпісы ў вайсковай частцы
Ініцыятыўная група па зборы подпісаў па вылучэнні ў кандыдаты ў дэпутаты берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна ідзе ў вайсковыя часткі горада.
Адпаведны зварот быў накіраваны да прадстаўніка вайсковой часткі 2087 Берасцейскай Чырвонасцяжнай памежнай групы палкоўніка Гутніка.
Частка знаходзіцца на тэрыторыі выбарчай акругі Пятрухіна, паведаміў кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Вакуленка:
– Гэтая вайсковая частка знаходзіцца на тэрыторыі Ленінскага раёна. Мая заява была прынята, але адмовіліся на другой копіі ставіць подпіс. Сказалі, што ператэлефануюць, аднак не ператэлефанавалі. Таму мы спадзяемся, што разумнасць будзе і нам будзе прадстаўлена магчымасць збору подпісаў у вайсковай частцы памежнай заставы.
Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы Сяргея Пятрухіна кажуць, што ў выпадку адмовы, яны будуць вымушаныя звярнуцца ў акружную і абласную камісіі, а таксама ў ЦВК.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце