Вайсковы парад на плошчы св. Георга ў Валеце



Плошча святога Георга ў мальтыйскай сталіцы Валета, цікавая як мінімум двума аб’ектамі: Палацам Вялікага Магістра Мальтыйскага ордэна і фантанам.

Optimized-valeta_ploszcza_11

У Палацы, збудаваным яшчэ ў 16 ст., цяпер месціцца  адна з рэзыдэнцый прэзыдэнта Мальты. Рэзыдэнцыю ахоўваюць ажно два вайскоўцы: пыхлівага выгляду дзядзькі ў форме Брытанскай імперыі геаргіянскіх часоў. Ахоўнікі з непранікальнымі тварамі стаяць на варце роўна гадзіну, пасля чаго іх мяняюць, прытым тэатралізаваная змена каравула заўсёды збірае натоўпы турыстаў.

Фантан, што шугае ў цэнтры Плошчы, прыўносіць у кансерватыўны рытуал змены каравула мастацкую разнастайнасць. Нейкім дзіўным чынам струмяні шугаюць у такт музыцы, пры гэтым мяняючы вышыню і інтэнсіўнасць. Здараецца, праўда, што струмяні пачынаюць лупіць цалкам непрадказальна, і тады турысты змушаныя ўцякаць, так і не дачакаўшыся з’яўлення чарговых дзядзькаў у бутафорскай форме.

Зрэшты, ёсць дні, калі да гэтых дзвюх цікавостак дадаецца і трэцяя: вайсковы парад на Дзень Незалежнасці, які святкуецца на Мальце 21 верасня. Рэгулярнае сухапутнае войска астраўной дзяржавы, ажно тры пяхотных палкі, ніколі не бярэ ўдзел у парадах. Для гэтага ёсць спецыяльная рота. Роўна апоўдні на плошчу св. Георга прыбываюць вайскоўцы ў камуфляжах, а таксама – два джыпы, якія цягнуць за сабою гарматы. Аркестр грае  маршы, тамбурмажор жанглюе булавой, турысты шчоўкаюць затворы фотаапаратаў.  Вайскоўцы праходзяць маршам ад плошчы па ўсяму Праспекту Рэспублікі.

Але самае цікавае абываецца потым. На Плошчу выходзіць вайсковы аркестр шатландскіх валыншчыкаў. Гучыць шатландская валынка амаль таксама, як і наша дуда. Але ніколі раней не даводзілася чуць цэлы аркестр у 150 дудаў…

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара