Міжнародная навуковая канферэнцыя гісторыкаў у Беластоку



Асавецкая крэпасць і яе роля ў час Першай сусветнай вайны – галоўная тэма міжнароднай навуковай канферэнцыі гісторыкаў у Беластоку. Сустрэча прымеркаваная да 100 гадавіны пачатку ваенных дзеянняў на тэрыторыі Падляшша.

У канферэнцыі прымаюць удзел навукоўцы з Польшчы, Расеі, а таксама беларускі гісторык з Гародні Сяргей Піваварчык, які распавёў пра падрыхтоўку і ўдзел у вайне палкоў Гарадзенскай крэпасці. Паводле яго словаў, абодва комплексы фартыфікацыйных умацаванняў – Асавец і Гародня ў час вайны былі шчыльна звязаны:

– Афіцэры, якія будавалі, служылі ў Асавецкай крэпасці, яны потым прымалі ўдзел у будаўніцтве Гарадзенскай крэпасці. Калі ўжо казаць пра Першую сусветную вайну, як раз гарнізон Асавецкай крэпасці адышоў у жніўні 1915 года ў крэпасць Гародні, склаў асобны Асавецкі корпус і прымаў удзел у абароне Гародні напрацягу некалькіх дзён ужо ў жніўні 1915 года.

Пабудова Гарадзенскай крэпасці пачалася ў жніўні 1912 года. У час нямецкага наступлення ў 1915 годзе расейскія гарнізоны абараняліся ў недабудаваных умацаваннях, пасля іх узарвалі.

Удзельнікі канферэнцыі наведаюць Асавецкую крэпасць, дзе пройдзе другі дзень канферэнцыі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя