Народная Рэспубліка Гідрапарк
Ва украінскай сталіцы ёсць такі жарт: “Гідрапарк вырашыў абвесціць самастойнасць і выйсці са складу Кіева”.
Жарт відавочна правакацыйны, але ж рацыянальны пасыл у ім ёсць. Кіеўскі Гідрапарк – аўтаномная выспа ў горадзе, гэткі грымучы кактэйль з савецкіх атракцыёнаў, непраходных хмызоў, танных вулічных гандэлкаў, а таксама радасных спатнелых твараў гопнікаў, якія па выходных з’яждаюцца сюды ці не з усяго Кіева.
Законапаслухмяны беларус, трапляючы ў Гідрапарк у суботні вечар, толькі разгублена лыпае на гурбы смецца, разбітыя тратуары і віна-гарэлачнае насланне. Гандэлкаў з танным алкаголем у Гідрапарку, пэўна, больш, чым міліцыянтаў у цэнтры Менска, але каля кожнага шнуруецца чарга. Піць піва на лаўках нельга, але яго ўсё адно жлукцяць у шалёных колькасцях.
Па алейках цягнецца куродым мангалаў. З дынамікаў “бухалавак” настырна грыміць расейская папса. З густых хмызоў чуецца жыццярадасны рогат: там выпіваюць, высвятляюць адносіны, а некаторыя нават займаюцца несанкцыянаваным сэксам. Лесапаркавая зона Гідрапарка, як яе тут называюць, напэўна, не даглядалася з часоў легендарных Кія, Шчэка, Хорыва і сястры іх Лыбедзь, і таму можа таіць самыя прыкрыя неспадзяванкі. Калі вы – уладальнік дарагога мабільніка, то ўвечары у тым лесапарку лепш не гуляць. Трымайцеся асветленых месцаў і фіксуйце вачыма паліцыянтаў.
І ўсё ж, калі вы патрапілі ва ўкраінскую сталіцу, абавязкова наведайце гэтую аўтаномную выспу алкагольнай расслабухі. Шпацыр тамтэйшымі стежкамі напэўна спарадзіць пачуццё годнасці за родны Менск: не ўсё, аказваецца, у нас і пагана нават у параўнанні з Кіевам!
[Not a valid template]
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя