Падаткавікі запісалі ў парушальнікі 99% ІП



Падаткавікі знаходзяць парушэнні амаль ва ўсіх індывідуальных прадпрымальнікаў, якія падпалі пад праверкі. Гэта вынікае з справаздач інспекцый МПЗ за першае паўгоддзе, паведамляе tut.by.

Да прыкладу, у Менску выявілі парушэнні ў 98,5% іпэшнікаў, да якіх прыйшлі з праверкамі, а ў Віцебскай вобласці – у 99,8%.

– За 6 месяцаў 2016 года падатковыя органы Менска ўсталявалі парушэнні падатковага заканадаўства ў 2 531 індывідуальнага прадпрымальніка, што складае 98,5% ад усіх правераных ІП, – адзначаюць у інспекцыі МПЗ па Менску. – Па выніках праверак даналічана 1,4 мільёна рублёў, у бюджэт паступіла 1,2 мільёна рублёў.

Яшчэ больш эфектыўна спрацавалі падаткавікі Віцебскай вобласці.

Інспекцыі вобласці ў адпаведнасці з каардынацыйным планам за 1 паўгоддзе 2016 года праведзена 429 праверак у адносінах да дзеючых суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, што склала каля 23,1% ад агульнай колькасці праведзеных праверак. Парушэнні заканадаўства ўстаноўлены ў 99,8% правераных плацельшчыкаў, – распавядаюць у інспекцыі МПЗ па Віцебскай вобласці.

Пры гэтым колькасць планавых праверак у Віцебскай вобласці, якія падаткавікі правялі ў студзені-чэрвені, скарацілася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 36,4%.

„У той час іх эфектыўнасць ўзрасла ў 1,6 разы, – тлумачаць у ІМПЗ па Віцебскай вобласці. – Усяго па выніках планавых праверак дзеючых суб’ектаў гаспадарання ў першым паўгоддзі 2016 года дадаткова паступіла ў бюджэт падатковых плацяжоў на суму 8,8 мільёна рублёў, што на 3,5 мільёна рублёў больш, чым у 1 паўгоддзі 2015 года”.

Але ў інспекцыях МПЗ не ўдакладняюць, якімі таварамі гандлююць і якія паслугі аказваюць прадпрымальнікі, у якіх знайшлі парушэнні ў працы.