Ала Орса-Рамана: Казалі, што няма такой нацыі – беларусы



У нашай студыі пабывала Ала Орса-Рамана – грамадскі і культурны дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША, амерыканскі вучоны-хімік. Доктар хімічных навук.

DSC04634

РР: Што прымушае беларусаў Амерыкі, якія зрабілі прафесійную кар’еру, працаваць яшчэ і на грамадскай ніве? Што не дазваляе вам забыць пра вашыя карані, пра вашую духоўную Бацькаўшчыну, якую некаторыя нават не бачылі?

Ала Орса-Рамана: Як раз вось гэтыя карані, якія паходзяць ад бацькоў, сямейнага жыцця з бацькамі, і ад беларускай школы, куды я хадзіла. Гэтыя карані прымушаюць думаць пра Беларусь, беларускасць, і паказваюць, што трэба рабіць у нашым амерыканскім грамадстве, каб пра Беларусь ведалі. Калі нашыя бацькі прыехалі ў Злучаныя Штаты, там амаль ніхто пра Беларусь не ведаў, тады быў Савецкі Саюз, і як скажаш Беларусь, то казалі, што гэта Расея.

РР: Савецкі Саюз амерыканцы атаясамлялі толькі з Расеяй?

Ала Орса-Рамана: Абсалютна ўсе амерыканцы і нават амерыканскі ўрад. Вось тады пытанне, я беларуска ці не? Як сказаў беларускі паэт: “У перашкодах дух расце”. Зразумела, што нашы бацькі заўсёды былі вельмі свядомыя, вельмі добра ведалі беларускую гісторыю і ўсё гэта перадалі нам. Тады лічыш абавязкам быць перш за ўсё сапраўдным беларусам, бо мы не расейцы, але гэтая праўдзівасць вымагае пэўнай працы.

РР: Вашы бацькі – гэта пакаленне пасляваеннай эміграцыі. Чым пакаленне вашых бацькоў, якое збудавала асновы грамадскага жыцця, што функцыянуе ў Амерыцы да сёння, адзрознівалася ад папярэдніх?

Ала Орса-Рамана: Я б сказала, што эміграцыя, да нашых бацькоў, была пераважна эканамічная. Яны ведалі, што яны беларусы, гаварылі па-беларуску. Яны не былі здольныя арганізавацца – гэта адно. Другое – іх перанялі расейцы. Я думаю, яны не мелі жадання нічога беларускага будаваць, яны прыехалі, каб зарабляць грошы. Нашы бацькі ўжо былі працаўнікі ў адраджэнні Беларусі, беларускага руху. Яны выехалі не па эканамічных прычынах, яны былі беларусы, якія вельмі добра ведалі гісторыю няшчасцяў, нішчэння беларусаў – ім трэба было працаваць дзеля Беларусі.

РР: Сярод іх была свядомая інтэлігенцыя?

Ала Орса-Рамана: Я б сказала, што ў большасці была інтэлігенцыя. Я прыгадваю, што я ведала цэлы менскі тэатр, які прыехаў, паэтаў поўна. Мы малыя глядзелі на іх, вучыліся ад іх. Я, напрыклад, мела вялікае шчасце бачыць і спяваць у хоры такіх цудоўных кампазітараў, як Мікола Равенскі ці Мікола Куліковіч. Такое вельмі высокакультурнае жыццё было.

РР: Ім даводзілася цяжка працаваць, але яны не забывалі пра беларускасць.

Ала Орса-Рамана: Эканамічна было цяжка, бо ўсе працавалі, і ўся беларуская праца была па-за нармальнай працай. Яна была настолькі прыемная, настолькі поўная энергіяй і духу, што чакалі таго, каб ісці і збірацца разам, вычыцца і працаваць.

РР: Пасля вайны ў Амерыцы ўзніклі розныя арганізацыйныя формы, якія дзейнічаюць да сёння.

Ала Орса-Рамана: Першая арганізацыя – гэта Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне ў Амерыцы (БАЗА). Мой бацька як раз быў адным з першых, хто заклаў гэтую арганізацыю. Яна дагэтуль існуе і працуе – гэта культурніцкая арганізацыя. Наколькі вы ведаеце, быць беларусам – гэта не толькі культурніцкая праца, але аўтаматычна і палітычная праца. БАЗА выканала вельмі вялікую ролю. Калі нашыя бацькі прыехалі ў Злучаныя Штаты і пісалі, што яны беларусы, ім казалі: “Слухайце, выбірайце, хочаце будзьце палякі або хочаце будзеце расейцы. Няма такой нацыі – беларусы”. Дык вось адным з першых заданняў беларускай эміграцыі было зрабіць Беларусь вядомай. Ёсць такая нацыя – вось мы беларусы. Гэта заняло шмат гадоў, заняло шмат старанняў: хадзілі ў кангрэс, пратэставалі, прасілі і петыцыі пісалі. Пасля чаго дазволілі ўжываць слова Беларусь. Вельмі шмат людзей запісаны, як палякі або расейцы толькі таму, што не было такой нацыі.

РР: Якія яшчэ ўстановы дзейнічаюць?

Ала Орса-Рамана: БІНіМ – Беларускі інстытут навукі і мастацтва, які публікуе вельмі шмат кніг на тэму дзейнасці беларускай дыяспары, беларускай гісторыі. Ёсць Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква. Наша аўтакефальная царква ў Нью-Ёрку праводзіць службы выключна на беларускай мове, ужо не ўжываецца стараславянская мова. Мне здаецца, што гэта вельмі важнае дасягненне, што людзі могуць маліцца на беларускай мове. Было вельмі шмат танцавальных груп, групы драматычныя, хоры, якія і цяпер яшчэ існуюць. Яны не так развітыя, як у часы прыезду эміграцыі, але і цяпер існуюць.

РР: У Амерыцы з’яўляюцца новыя людзі. Ці прыходзяць яны ў беларускія арганізацыі?

Ала Орса-Рамана: Эміграцыя моладзі вельмі вялікая, я б сказала, што 10% уліваецца і лічыць патрэбным падтрымліваць установы, якія існуюць. Яны занятыя сваёй працай, яны лічаць сябе беларусамі, яны беларусы. Некаторыя гавораць па-беларуску, а некаторыя лічаць, што няма патрэбы ў беларускай мове, таму гавораць па-расейску, але адчуваюць сябе беларусамі. Вельмі шмат моладзі збіраецца асобна па-за інстытуцыямі, якія ўжо ў нас існуюць. Некаторыя засноўваюць свае арганізацыі і гэта вельмі добра. Мы стараемся іх прыцягваць, некаторыя далучаюцца і бяруць на сябе адказнасць, працягваюць працу ў беларускім кірунку. Я заклікаю быць беларусамі і падтрымліваць усе гэтыя інстытуцыі, якія мы ўжо заснавалі, якія працуюць і працавалі.

Ала Орса-Рамана з 1944 у Германіі, дзе вучылася ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (1945-49). У 1949 разам з бацькамі пераехала ў ЗША. Скончыла гарадскі (1957) і політэхнічны ўніверсітэты ў Нью-Ёрку. 3 1971 выкладчык, потым прафесар кафедры біяхіміі Нью-Ёркскага гарадскога ўніверсітэта. Старшыня Бруклінскага аддзела Амерыканскага хімічнага таварыства, сябра Амерыканскай крышталеграфічнай асацыяцыі і Амерыканскага камітэта па хіміі.

У 1956-92 кіраўнік беларускага танцавальнага ансамбля „Васілёк” (Нью-Ёрк). Прапагандуе ў ЗША беларускую культуру і гісторыю. Актывістка Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы за мяжой. Член Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку і іншых грамадскіх арганізацый беларусаў у ЗША. Аказвае дапамогу пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя