Беларусь і Польшча падпісалі пагадненне пра адукацыю



Беларусь і Польшча ў Варшаве дамовіліся пра супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. Пагадненне падпісалі намесніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына ды яе польскі калега Марэк Зюлкоўскі. Як адзначае старшыня галоўнай рады непрызнаванага Саюза палякаў на Беларусі Анжаліка Борыс, неабходныя дакументы для пагаднення даўно былі падрыхтаваныя польскім бокам, але падпісанне блакавалася з боку Беларусі:

— Пагадненне датычыць пытання абмену настаўнікаў. То бок, што для нас вельмі важна, выезд настаўнікаў на навучанні, адукацыйныя выезды моладзі. Таксама пытання дапамогі, падручнікаў. Калі ёсць пагадненне, яно стварае падмурак для вядзення размоваў у складаных справах. Гэта даволі важная падзея. 

Як дадала Анжаліка Борыс, Саюз палякаў на Беларусі падтрымлівае дыялог паміж польскім і беларускім бокам, а падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі з’яўляецца паказчыкам таго, наколькі для Польшчы гэтая тэма важная.

Бацькі дзяцей, якія хочуць навучацца ў польскіх класах у Гародні станоўча ставяцца да падпісання дамовы пра супрацоўніцтва ў сферы адукацыі паміж Польшчай і Беларуссю. Як кажа Аксана Пачобут, сёлета давялося пастаяць у чарзе, каб восенню адправіць сваё дзіця навучацца ў польскі клас, бо ахвотных нашмат больш, чым набіраюць:

— Возьмуць дзіця ў школу, што праўда мы там крыху паначавалі, займалі чаргу, але гэта праблема ў тым, што набіраюць толькі 2 класы. У гарадзенскай польскай школе № 36 нам афіцыйна сказалі, што будзе 48 чалавек: 2 класы, а там было значна больш ахвотных. Прычым, гэта прыйшла такая разнарадка, каб бралі толькі 2 класы. Спачатку абяцалі 4 і таму ўсе нармальна праходзілі: і тыя, хто на падрыхтоўчыя курсы хадзіў і тыя, хто хадзіў садок у групу з польскай мовай навучання.

Як распавяла Аксана Пачобут, бацькам ужо паведамілі, што на польскай мове дапаможнікаў няма, падручнікі будуць на расейскай, таму навучацца на польскай мове будзе даволі цяжка. Бацькі спадзяюцца, што пасля падпісання дамовы ў сферы адукацыі паміж Польшчай і Беларуссю навучацца ў польскіх школах зможа больш вучняў, а праблема з падручнікамі будзе вырашацца.

Нагадаем, у Варшаве ў гэтыя дні праходзіць чарговы раунд палітычных кансультацый паміж ведамствамі абедзвюх краін.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя