Міліцыянты спрабавалі ў Менску згарнуць бел-чырвона-белыя сцягі



Падчас правядзення пікету па зборы подпісаў за вылучэнца на парламентскія выбары ад партыі БНФ каля станцыі метро Пятроўшчына адбыўся інцыдэнт з міліцыяй. Правахоўнікі запатрабавалі згарнуць нацыянальную і партыйную сімволіку. А патэнцыйнага кандыдата збіраліся звезці ў пастарунак.

bvWiTyF972U

Пра гэта расказвае патэнцыйны кандыдат у дэпутаты Мікалай Юшчук:

– Зараз прыехала міліцыя. Кажа, што пікет у нас не дазволены, бо выкарыстоўваем нацыянальную сімволіку. Забіраюць у міліцыю за тое, што паставілі пікет, хаця ёсць і рашэнне аблвыканкама, ёсць пасведчанні выбарчай камісіі. Зараз прыедзе прадстаўнік выбарчай камісіі. Забараняюць. Стаяць міліцыянты і патрабуюць, каб ехалі з імі.

Дыскусія з міліцыянтамі наконт законнасці выкарыстання нацыянальнай сімволікі цягнулася каля чвэрці гадзіны. Нарэшце яны стэлефанаваліся са сваім начальствам. Пасля чаго адмовіліся ад ідэі затрымаць Мікалая Юшчука і дазволілі разгарнуць бел-чырвона-белыя сцягі.

Максім Каўняровіч. Беларускае Радыё Рацыя.