Намеснік старшыні Партыі БНФ ідзе ў суд
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў ідзе ў суд.
У судзе Савецкага раёна Менска – паўторны разгляд адміністрацыйнай справы, паводле якой палітык нібыта здзейсніў правапарушэнне ў час святкавання Дня Волі – 25 Сакавіка. Вядома, што раней суддзя Наталля Драчова пакарала палітыка штрафам у 30 базавых за ўдзел у недазволеным мерапрыемстве.
Рыгор Кастусёў, які быў адным з арганізатараў святкавання Дня Волі, не пагадзіўся з пастановай суда:
– Гэта ўжо другі або дакладней трэці разгляд. Першае пасяджэнне было ў Савецкім судзе горада Менска, яны пакаралі мяне штрафам у 30 базавых велічынь. Я падаў у Менскі гарадскі суд, Менскі гарадскі суд адмяніў рашэнне Савецкага суда і накіраваў справу на новы разгляд іншаму суддзі Савецкага суда горада Менска. Іншы суддзя гэтага суда прызначыў судовае пасяджэнне. Якое будзе прынята рашэнне? Мне цяжка сказаць, бо як такія суды ў Беларусі не існуюць, ну сапраўдныя судовыя разгляды.
Святкаванне Дня Волі ў сакавіку праходзіла з дазволу Менскага гарадскога выканкама. Нягледзячы на гэта, шэраг удзельнікаў мерапрыемства былі пакараныя штрафамі за ўдзел у “несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”, у тым ліку і намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Беларускае Радыё Рацыя