Абвешчаны збор сродкаў для сям’і Паўла Шарамета



Паўла Шарамета пахаваюць у суботу на паўночных могілках у Менску.

Павел Шарамет

Развітанне з журналістам адбудзецца таксама ў пятніцу ў Кіеве. Паводле папярэдняй інфармацыі, Шарамета, які загінуў 20 ліпеня ў выніку ўзрыву машыны, на якой ехаў, пахаваюць у суботу.

Гаворыць прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:

— Гэтая інфармацыя можа ў любы момант змяніцца, бо ўсё залежыць ад таго, калі выдадуць цела Паўла Шарамета, а гэтага дакладна ніхто не можа паведаміць, бо няма пэўнасці ад украінскіх уладаў. Таму папярэдняя інфармацыя пакуль такая, што ў пятніцу ўвечары цела Паўла Шарамета даставяць у Менск, а ў суботу пройдзе пахаванне на Паўночных могілках Менска. Паралельна з гэтым у Беларускай асацыяцыі журналістаў пачаўся збор грошай для сям’і Паўла Шарамета.

Збор сродкаў будзе адбывацца 21 і 22 ліпеня з 10-й да 18-й у офісе БАЖ па вуліцы Камсамольскай, 7 у Менску. Таксама можна перадаць грошы, скантактаваўшыся з прадстаўнікамі арганізацыі. Кантакты можна знайсці на сайце baj.by.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя