Што лепш: штраф ці “суткі”?
Вядомы беларускі праваабаронца і былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Валер Шчукін мяркуе, што лепей адсядзець на “сутках”, чым плаціць вялізныя штрафы.
Штрафны канвеер, які запусціла ўлада, працуе практычна бесперапынна, папаўняючы, наколькі гэта магчыма, беларускі бюджэт за кошт штрафаў актывістам, што ладзяць акцыі пратэсту.
Раней, як вядома, у краіне больш практыкавалася сістэма, калі чалавека па адміністрацыйным правапарушэнні адпраўлялі ў ізалятара часовага ўтрымання на “суткі”.
Валер Шчукін, адзін з рэкардсменаў-“сутачнікаў”, кажа, што асабіста ён лічыць штрафы больш сур’ёзным пакараннем.
Валер Шчукін: На мой погляд, каб чалавеку давалі права выбару – штраф альбо “суткі”, то многія выбралі б апошняе. Бюджэту трэба папаўненне, а ў ізалятары часовага ўтрымання трэба яшчэ і на ежу, на ўтрыманне затрыманых нешта выдаткоўваць. Ты пасля гэта аплочваеш сваё знаходжанне на “сутках”, але ж усё роўна сумы непараўнальныя. Многім жа даюць штрафы па 10 мільёнаў рублёў (каля 500 даляраў), гэта добры бізнес. Хто не заплаціў – праз судовых выканаўцаў можна забіраць пральныя машыны, аўтамабілі і іншае дабро. Дзяржаве неабходны грошы, а дзе іх браць? Апазіцыя са сваімі акцыямі пратэсту якраз і прыйшлася да месца. Так бы мовіць, дапамагае, чым можа, беларускай эканоміцы.
РР: І Захад быццам бы задаволены такімі паводзінамі ўлады…
Валер Шчукін: Натуральна, бо, калі чалавек знаходзіцца за кратамі (нават у ізалятары на “сутках”), то гэта гучыць ужо як жорсткая рэпрэсіўная мера. СМІ распавядаюць, як людзей затрымлівалі, затым сустракаюць тых з ізалятара… Усё гэта шырока асвятляе прэса. А зараз быццам бы і гучных палітычных спраў няма, і пасадак няма, і Еўропа задаволена, і афіцыйны Менск. А на штрафы вялікую ўвагу мала хто звяртае. Таму, як мне падаецца, такая практыка працягнецца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота vkapkane.net