Эксперт: «Права і Справядлівасць» не падзяляе ідэяў Рамана Дмоўскага



У Варшаўскім Універсітэце на канферэнцыі, арганізаванай Студыюм Усходняй Еўропы, дыскутавалі пра ўсходнюю палітыку Польчшы. Адмыслоўцы зазначылі, што ў публічнай прасторы усё больш чуваць пра ідэйную спадчыну Рамана Дмоўскага, які выступаў за асіміляцыю беларусаў і ўкраіцаў у міжваеннай Польшчы і быў прыхільнікам расейска-польскае згоды. У той жа ж час, Нацыянальная дэмакратыя, альбо «эндэцыя», якой кіраваў Раман Дмоўскі, у сучаснай Польшчы ідэалізуецца, як і ўся міжваенная Рэч Паспалітая, гаворыць выкладчык універсітэта Кардынала Стэфана Вышыньскага Барташ Рыдлінскі:

— Нацыял-дэмакраты прадстаўляюцца як партыя, якая заўсёды дбала пра нацыянальны інтарэс і складалася выключна з крыштальных асобаў, маральных патрыятычна настроеных, але мы шматкротна забываем, што эндэцыя нясе адказнасць за стварэнне антысеміцкай кампаніі ў Польшчы, падбухторванне этнічных палякаў супраць беларусаў, украінцаў, немцаў. Таму фактычна апошнія 25 гадоў польская палітычная ліга стварае з Рамана Дмоўскага абаронцу польскасці, бацьку незалежнасці польскай дзяржавы, але забывае пра ўсе чорныя старонкі гісторыі.   

Тым ні менш, на думку Барташа Рыдліньскага, скрайна нацыяналістычныя ідэі не пранікаюць ані да польскіх элітаў, ані да кіроўнае партыі «Права і Справядлівасць», хоць дыскурс парламентарных дыскусіяў будзе мяняцца за кошт дэпутатаў-нацыяналістаў, якія трапілі ў Сэйм па спісах руху «Кукіз-15»:

— Яраслаў Качыньскі — вялікі фан Юзэфа Пілсудскага і будзе яму верным у палітычных і гэапалітычных ідэях. Таму я б тут не вышукоўваў у „Праве і Справядлівасці” нейкіх эндэцкіх пакладаў, хоць я думаю, што партыі ці рухі як «Kukiz-15» ці дэпутаты ад Народнага руху, якія трапілі ў іх выбарчыя спісы, будуць крыху мяняць дыспут у парламенце.

Барташ Рыдлінскі таксама падкрэсліў, што Яраслаў Качыньскі адданы ідэі лучнасці краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якая была сфармулявана яшчэ Юзэфам Пілсудскім.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава