Dzieciuki: „Ніколі зноў!” (прэм’ера кліпа!)



Гурт Dzieciuki прадстаўляе на Tuzin.fm свой новы кліп на песню «Сумнае рэгі», які зняла творчая суполка «Тры макі».

Сёлета Dzieciuki усур’ёз заняліся відэаўвасабленнем сваіх песень. «Сумнае рэгі» іх трэці кліп за апошнія некалькі месяцаў. Аўтар песні Дзяніс Жыгавец кажа, што напісаў яе, каб нагадаць пра страшныя сімвалы ХХ стагоддзя ў Беларусі і паказаць роўнасць паміж крывавымі таталітарнымі рэжымамі, якія спустошвалі краіну, забіраючы жыцця ў найлепшых яе прадстаўнікоў: «У песні зггадваецца Хатынь, як сімвал усіх спаленых вёсак Беларусі падчас другой сусветнай вайны. Гэтае месца стала культавым дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. У адрозненні ад Курапатаў – месца, якое стала сімвалам сталінскіх рэпрэсій ў Беларусі, памяць пра якое дзяржаўныя структуры намагаюцца больш схаваць, чым падтрымаць. Гэтай песняй мы ўшаноўваем памяць усіх бязвінна загінуўшых ад фашыстоўскага і бальшавіцкага рэжымаў».

Кліп напрацягу двух дзён з перапынакам. Першы дзень прысвяцілі Курапатам і Хатыні. У другі дзень здымкі вяліся пад Гародняй. Вакаліста гурта Dzieciuki Алеся Дзянісава праца над ролікам навяла на невясёлыя думкі: «Цяпер ва Украіне адбываюцца страшэнныя рэчы. Калі адкінуць усе палітычныя эмоцыі, тую шакуючую брудную ролю сённяшняй расейскай улады ў канфлікце, то ў любым выпадку, на першым месцы мы бачым простыя трагічныя рэчы: гінуць тысячы людзей, спальваюцца вёскі і гарады, дзеткі застаюцца без бацькоў. І гэта, бл..дзь, XXI стагоддзе! Я гляджу на відэахроніку другой сусветнай вайны і сённяшнюю ўкраінскую і пытаюся: дзе розніца? Чаму людзі не вучацца на сваіх памылках? Чаму не ведаюць гісторыю? Усё ж паўтараецца! Змяняюцца толькі дэкарацыі. Жахліва і крыўдна да слёз. Хочацца сказаць: ніколі зноў! А гэтае „зноў” паўтараецца пад тваім бокам»…

Dzieciuki дзякуюць акторам і акторкам з Менску, якія за ідэю пагадзіліся паўдзельнічаць у здымках. За тое ж падзяка журналісту Алесю Яршу. Ну, а самае вялікае дзякуй – Алесю Залеўскаму і Яўгену Шапчыцу, бо ім належыць ідэя кліпа, ягоныя здымкі і мантаж.

Адмыслова да выдання кліпа брэнд LSTR распрацаваў адмысловыя цішоткі і лонгслівы з Двупагоняй – сымбалем змагання з бальшавізмам і нацызмам. На ёй таксама выяўлена Маці Божая Вострабрамская, як хрысціянскі вобраз Божае маці, які абараняе і заступаецца за беларускі народ.

Dzieciuki – Сумнае рэгі (вытворчасць творчай суполкі «Тры макі»). Змяшчаецца са згоды выканаўцы.

[youtube id=”39jMugc6eHE”]

tuzin.fm