Следства: Мэтай забойцаў быў Шарамет



Следства па справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета схіляецца да версіі, што мэтай злачынцаў быў менавіта ён.

Пра гэта паведамляе ўкраінскі сайт Zn.ua са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах.

Да такога вываду схіляе папярэдняя інфармацыя, атрыманая следчай групай у працэсе першасных даследаванняў цела і аўтамабіля загінулага.

«Разлік быў дакладны і правільны. Выбухоўкі было закладзена роўна столькі, каб хапіла толькі для кіроўцы, і не ўразіла нікога побач. Калі б выбуховая хваля пайшла ўніз, яе б істотна загасіла зямля, але яна пайшла ўверх і налева. Гэта было паляванне выключна на ахвяру забойства», — сказаў суразмоўца.

«Калі б у машыне былі пасажыры, то яны, хутчэй за ўсё, выжылі б. Гэта сведчыць аб тым, што разлік быў асабліва на паражэнне месца кіроўцы, а не на знішчэнне ўсёй машыны», — дадаў ён.

Па словах крыніцы, судмедэксперты ўжо скончылі працу над целам загінулага журналіста і зрабілі высновы, што смерць здарылася ў выніку несумяшчальных з жыццём траўмаў і страты крыві.

«Мінна-выбухная траўма, смерць наступіла ад вялікай хуткай і крытычнай для жыцця (адна—дзве хвіліны) страты крыві і шоку. Шанцаў не было», — сказаў суразмоўца.

Камера відэаназірання зафіксавала момант закладання выбухоўкі пад аўтамабіль, у якім загінуў журналіст Павел Шарамет, паведамляе выданне.

«Адна з камер зафіксавала момант закладання выбухоўкі пад машыну Алены Прытулы ў ноч з 19 на 20 ліпеня», — дадае выданне.