Беларусь і Расея хочуць стварыць аналаг шэнгенскай візы
Беларусь і Расея разглядаюць магчымасць увядзення агульнай візы для дзвюх краін. Пры высокай ступені інтэграцыі візавая палітыка ў абедзвюх дзяржаў нацыянальная, кожная мае свае візавыя службы і выдае толькі нацыянальную візу, што стварае нязручнасці для бізнесу і для турызму, так як вельмі часта турыстычныя маршруты перасякаюць расейска-беларускую мяжу – заявіў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота.
Пытанне аб увядзенні агульнай візы ставілася неаднаразова, і абодва бакі займаюцца ім ужо ўшчыльную. “Я лічу, што нейкі аналаг шэнгенскай візы мы паспрабуем стварыць, і цяпер гэтае пытанне прапрацоўваецца,” – адзначыў дзяржсакратар. Паводле слоў Рапоты, ён ужо правёў з гэтай нагоды кансультацыі ў МЗС Беларусі і Расеі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ria.ru