ЕЗ не ўвядзе новых санкцый, пакуль ва Украіне перамір’е



Рашэнне пра новыя санкцыі Еўрапейскага звяза супраць Расеі, прынятыя на мінулым тыдні, не будзе афіцыйна апублікавана і не набудзе сілу, пакуль на ўсходзе Украіны доўжыцца перамір’е.

Пра гэта „Украінскай праўдзе” паведаміў прадстаўнік Еўракамісіі.

„Калі Парашэнка лічыць магчымым заключэнне мірнага пагаднення і спынення баявых дзеянняў, то Еўразвяз таксама пойдзе шляхам памяншэння вастрыні санкцый і пакуль не будзе ўводзіць іх у дзеянне”, – растлумачыў чыноўнік.

Еўрапейскія чыноўнікі лічаць парушэнні перамір’я пакуль малазначнымі. Прынамсі, пакуль афіцыйны Кіеў таксама так лічыць. Публікацыя рашэння пра новыя санкцыі адбудзецца толькі тады, калі ўкраінскі бок абвесціць пра спыненне перамір’я.