У Глыбокім усталявалі скульптуру „Сям’я”



Скульптуру «Сям’я» ўсталявалі на галоўнай плошчы і ўрачыста адкрылі падчас апошняга дня Вішнёвага фэсту ў Глыбокім. На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі мясцовыя ўлады, духавенства, старшыня Палаты Прадстаўнікоў Нацынальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка, міністр культуры Барыс Святлоў, пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін, замежныя дэлегацыі  з Грузіі, Германіі, Літвы, Латвіі ды іншых краін, а таксама мясцовыя жыхары.

skulptura_3

Скульптура была зробленая за кароткі тэрмін скульптурам Іванам Казаком,  які рабіў для Глыбокага і скульптуру “Глыбоцкая вішня”.  Па яго словах, на распрацоўку кампазіцыі пайшло каля двух месяцаў, усяго ж працы па вырабе скульптуры доўжыліся каля чатырох.

– Мая скульптура пра сям’ю ўжо ўсталявана ў Расеі гадоў 5-7 таму – у Хантымансійскай акрузе. Там яна больш абстрактная. А тут трэба было зрабіць штосьці камернае. Старшыня райвыканкама сам сказаў, каб не было абстрацыі. Каб гэта былі вобразы сельскіх жыхароў. Мной было зроблена некалькі варыянтаў. Выбралі вось гэты варыянт.

skulptura_15

У тандэме са скульптарам  працаваў  Ігар Шостак, заснавальнік ліцейнага прадпрыемства “Віцебсккампазіт”.

– Вельмі прыемна было папрацаваць з такім скульптарам як Іван Казак. Спачатку Іван Уладзіміравіч робіць макет у пластыліне. Затым трэба зняць форму. Затым тры разы прайсці праз адліўку. Затым усё сабраць, састыкаваць. Калі адзін выраб – то нічога. А калі ўсё ў комплексе – то праблем было шмат, бо трэба было ўкласціся ў тэрмін. Стала вядома, што трэба ўсё зрабіць за два тыдні. Мы разлічвалі на два месяцы. Прыйшлося працаваць дзень і ноч без выходных. Тут мы ўжо гатовыя былі не спаць і не есці, але зрабіць гэтую працу. Стаміліся, але шчаслівыя.

Падчас адкрыцця скульптуры старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат  выказаў надзею, што пасля ўстаноўкі скульптуры ў Глыбокім палепшыцца дэмаграфічная сітуацыя і з’явіцца больш шматдзетных сем’яў, а старшыня Папаты Прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка зазначыў, што галоўнае, каб яны былі поўнымі і моцнымі.

Акрамя прыемных момантаў падас урачыстасці былі і не зусім прыемныя – міліцыя, якой у Глыбокім на той час было зашмат, і некаторыя з арганізатараў свята стваралі перашкоды для працы не толькі незалежным журналістам, але і журналістам з дзяржаўных СМІ.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі