Прыхаваная агітацыя
Дзяржаўныя раёнкі стараюцца піярыць толькі праўладных прэтэндэнтаў у кандыдаты. У «Кобрынскім весніку» за 23 ліпеня на першай старонцы змешчана інфармацыя пра пікет праўладнага вылучэнца Васіля Дземідовіча.
Пікетаў якога, па словах другога прэтэндэнта ў кандыдаты Аляксандра Меха, практычна па горадзе нідзе не відаць. Іншага праўладнага прэтэндэнта ў Бярозаўскім раёне старшыню Івацэвіцкага раённага выканаўчага камітэта Анатоля Ткачука на першай старонцы прапіярыла Бярозаўская раёнка «Маяк».
Кажа назіральнік за выбарамі Сяржук Русецкі:
— На святкаванні вызвалення Бярозаўскага раёна выступаў як старшыня бярозаўскага райвыканкама так і Івацэвіцкага і той жа «Маяк» друкуе гэта на першай старонцы з вялікім здымкам.
Аляксандр Мех:
— Я ўвесь час аб′язджаю горад, бо мы ўжо выстаўляем пікеты, але самае цікавае, што гэтага пікету я ўвогуле ніколі не бачыў. Я лічу, што гэта быў такі фэйкавы кропкавы пікет, каб проста падысці і зняць ды ўсё.
На думку Сяржука Русецкага і Аляксандра Меха, навідавоку выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурса і прыхаваная агітацыя за праўладных вылучэнцаў. Нічога не змянілася. Гэта звычайная практыка на выбарах у Беларусі, гавораць яны.
Беларускае Радыё Рацыя