Кракавяне ахвотна прымаюць беларусаў
Жыхары Кракава, дзе пачынаюцца Сусветныя дні моладзі, ахвотна прымаюць на начлег пілігрымаў з Беларусі.
Пра гэта распавёў ксёндз Марэк Слядоўскі з парафіі св. Максімільяна Марыя Кольбэ ў Містшэёвіцах. Толькі адна гэтая парафія на ўскраіне Кракава прыняла больш за тысячу беларускіх маладзёнаў, гаворыць святар:
– Прыехалі з Беларусі. Вельмі пазітыўна, вельмі добра адрэагавалі на тое, што будуць пілігрымы з Беларусі, шмат старэйшых асобаў выказала такое жадане. Вынікам гэтага з’яўляецца тое, што большасць пілігрымаў з Беларусі жыве і ночыць у прыватных дамах парафіянаў, а не ў школах. Сама колькасць – больш за тысячу беларусаў, якія будуць мець катэхізацыю ў нашым верхнім касцёле, сведчыць пра тое, што парафія вельмі адкрытая.
Мясцовыя парафіяне, што прымаюць беларускую моладзь, зазначаюць, што вельмі цешацца з такой магчымасці, а таксама дадаюць, што іх захапіла беларуская мова:
– Вельмі люблю знаёміцца з новымі людзьмі, а яшчэ тое, што гавораць на іншай мове, якую слухаю з захапленнем. У беларускай мове ёсць такія словы, якія ў польскай даўно ўжо лічацца архаізмамі. Я вельмі ўсцешаны, што беларусы, а не хтосьці іншы.
– Даведалася, што да нас прыязджае моладзь. Запыталі: “Хто можа прыняць пілігрымаў?”. Я падняла дзве рукі, бо вельмі хацела, дзеці таксама хацелі.
– З нагоды Сусветных дзён моладзі мы прынялі чатырох беларусаў – вельмі прыемных дарэчы.
– Я ўсцешыўся, бо падобныя мовы і можна паразумецца. Думаю, што цяпер гэта патрэбна.
Агулам чакаецца, што на Сусветныя дні моладзі ў Кракаў прыедуць сотні тысячаў пілігрымаў, сярод якіх амаль 6 тысячаў – беларусы.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя