Імігранцкія польскія выкрутасы
Няпярэдадні пачатку Сусветных Дзён Моладзі і прыезду Папы Францішка кракаўскі Кардынал Станіслаў Дзівіш выказаўся у справе імігрантаў. Ён заявіў, што польскі Касцёл адкрыты для імігрантаў, як дарэчы і дзяржаўныя ўлады.
Яшчэ задоўга да візіту Папы Францішка, у Польшчы жыва абмяркоўвалася пытанне: а што ён тут скажа? Ці не папракне польскія ўлады і Касцёл за нежаданне прымаць імігрантаў і ўцекачоў. У свой час пантыфік заклікаў, каб кожная парафія і манаская супольнасць прыняла як мінімум па адной сям’і. Наведваючы лагер на грэцкай выспе Лесбас, Папа ўзяў з сабою тры мусульманскія сям’і. Заклік павіс у паветры. Біскупы не маглі сказаць “не”, але заявілі, што вырашальная роля тут належыць дзяржаўным уладам. Тым часам міністр унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Блашчак чарговы раз заявіў, што цяперашні ўрад не будзе выконваць абавязацельстваў, узятых на сябе папярэднім урадам. Па яго словах, праблемы, з якімі цяпер сутыкаюцца некаторыя краіны, гэта вынік памылковай палітыкі шматкультурнасці. Ён згадаў два найноўшыя тэракты ў Нямеччыне, у тым ліку ў дачыненні да полькі, і дадаў, што Польшча такога не дапусціць. У сакавіку, пасля замахаў у Парыжы, прэм’ер Бэата Шыдла афіцыйна заявіла, што яе ўрад не выканае абяцання, дадзенага яе папярэдніцай Эвай Копач.
У цалкам іншым тоне, амаль у той жа час, падчас прэс-канферэнцыі выказаўся Кардынал Станіслаў Дзівіш. “Мы ў Польшчы маем шмат уцекачоў, хаця больш як мільён украінцаў, якія ўцяклі з ахопленай вайной Усходняй Украіны. Ёсць у нас уцекачы з Сірыі, якія жывуць у Кашалінскай дыяцэзіі. Вядома, іх меней, чым у Нямеччыне, але польскі Касцёл адкрыты для імігрантаў. Дзяржаўныя ўлады таксама,” – заявіў Кардынал. Ён паўтарыў словы прэм’ера Бэаты Шыдла пра мільён украінцаў, выказаныя ёю ў студзені падчас дэбаты, датычнай стану польскай дэмакратыі ў Еўрапарламенце. Аднак тады ўкраінскі амбасадар Андрэй Дэшчыца заявіў, што ў Польшчы няма ніякіх украінскіх уцекачоў. “Гэта людзі, якія прабываюць у Польшчы легальна, яны вучацца, працуюць, плацяць падаткі, спрычыняючыся да развіцця польскай гаспадаркі. Гэта не ўцекачы, і яны не атрымліваюць ніякай сацыяльнай дапамогі,” – заявіў Дэшчыца.
Надзвычай цікава пачытаць допісы інтэрнаўтаў на гэты конт. “Калі Кардынал кажа, што і Касцёл, і дзяржава адкрытыя для імігрантаў, дык значыць адкрытыя, толькі яны самі яшчэ пра гэта не ведаюць,” – з’едліва заўважыў адзін з інтэрнаўтаў. “Польскі Касцёл адкрыты на ўсё, што дае яму прыбытак. Ён ахвоча прымае, абы толькі не да сябе. Ён ахвоча раздае, абы толькі не сваё. Ён ахвоча дапамагае, абы толькі чужымі рукамі і за чужыя грошы,” – напісаў нехта, падпісаны як “рэаліст”.
Думаю, што ні польскі Касцёл, ні дзяржаўныя ўлады ніяк не адкрытыя для імігрантаў, асабліва чужых у рэлігійным і цывілізацыйным сэнсе. Гэта вынікае з таго, што ім вядома пра сітуацыю ў краінах, якія прынялі да сябе сотні тысяч імігрантаў, людзей. “Я жыву ў Нямеччыне 27 гадоў, – напісаў нехта, падпісаны імем “Сьлёнзак”. – І я хачу перасцерагчы палякаў перад мульты-культы, перад той сітуацыяй, якая склалася тут, у Дуісбургу. Мая жонка не можа сама ехаць на пакупкі, бо імігранты выцягваюць з кошыка прадукты, якія ім захочацца. Нельга пазваніць у паліцыю, бо знішчаць табе аўтамабіль. Дзяцей саміх не пусціш на панадворак альбо на трэнінг, бо эмігранты абкрадаюць іх. Ствараюцца банды, якім трэба сыходзіць з дарогі, ідучы па тратуары. У сваёй краіне немцы сталі людзьмі другой катэгорыі. Калі гэтага хочуць палякі – калі ласка,” – напісаў інтэрнаўт.
Мільёны палякаў, якія свабодна перамяшчаюцца па Еўропе альбо працуюць за мяжою, ведаюць, што гэта праўда. Гэта стропрацэнтная праўда. Кардынал сказаў тое, што яму выпадала сказаць. Аднак Касцёл, заклапочаны хрысціянскай тоеснасцю Еўропы, ніколі не будзе, бо ён не можа быць адкрыты для імігрантаў, асабліва мусульман, нават калі да гэтага заклікае сам Папа Францішак.