Колькі ж зарабляюць беларускія чыноўнікі?
Як даведацца, які даход маюць „слугі народу”? У афіцыйнай прэсе, сайтах падатковых органаў грамадзяне Беларусі не знойдуць апублікаваных падатковых дэкларацыяў чыноўнікаў і дэпутатаў. У 2015 годзе быў прыняты закон аб змаганні з карупцыяй. Але, відаць, закон пакуль не дае галоснасці. Гарадзенка Аляксандра Васілевіч з Аб’яднанай грамадзянскай партыі напісала зварот ва ўсе законатворчыя органы краіны. І атрымала ўжо некаторыя адказы.
– У гэтым годзе Генеральная пракуратура будзе глядзець, як працуе леташні закон. І яны будуць рэкамендаваць мае прапановы да наступнай яго рэдакцыі. Я выказала сваё жаданне, каб іх дэкларацыі былі змешчаны на сайтах падатковых інспекцый. Ці, калі гэта, напрыклад, чалец парламента, каб змяшчалі інфармацыю на сайце парламента: калі заходзіш на яго профіль – адразу можаш пабачыць і яго дэкларацыю.
На думку Аляксандры Васілевіч, практыка перагляду законаў Палатай прадстаўнікоў кажа пра тое, што калі і будзе зменены мінулагодні закон аб змаганні з карупцыяй, то толькі ў 2017 годзе альбо пазней. Падштурхнуць да паскорана разгляду закона можа толькі пагадненне з Расейскай Федэрацыяй пра ўніфікацыю заканадаўства.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня