Уладзімір Кацора патрабуе ўключэння сваіх прадстаўнікоў у выбаркамы



Дэмакратычны актывіст Уладзімір Кацора звярнуўся ў адміністрацыю Чыгуначнага раёна Гомеля з патрабаваннем уключыць ягоных прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісіяў па Сельмашаўскай акрузе. Менавіта па дадзенай акрузе высоўвае сваю кандыдатуру апазіцыянер. Уладзімір Кацора перакананы, што толькі ўключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў склад камісіяў зробіць выбары легітымнымі.

Уладзімір Кацора:

— Я пішу ў гэтай заяве, што мы пакідаем за сабой права разглядзець фармат нашага далейшага ўдзелу ў гэтай палітычнай кампаніі, якую ўлады хацелі б называць выбары і пакуль так называюць. Мы гатовыя лічыць гэтую кампанію выбарамі, калі нашыя прадстаўнікі будуць у выбарчых камісіях. Калі нашых прадстаўнікоў не ўключаць у склад выбарчых камісіяў, то мы будзем разглядаць пытанне пра наш далейшы ўдзел у гэтых так званых выбарах.

Паводле апазіцыянера, у Адміністрацыі не можа быць прычынаў для адмовы. Па-першае, Аб’яднаная грамадзянская партыя даўно ўдзельнічае ў выбарчых кампаніях. Па-другое, існуе магчымасць пашырыць колькасны склад камісіяў. А па-трэцяе, прапанаваныя ў склад камісіяў кандыдатуры маюць дзелавыя і палітычныя якасці, як тое і рэкамендуе Цэнтрвыбаркам.

На сённяшні дзень ініцыятыўная група Уладзіміра Кацоры сабрала амаль 1 тысячу подпісаў. Менавіта столькі трэба сабраць подпісаў для высоўвання кандыдата ў дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў.

Выбарчыя пікеты гомельскага апазіцыйнага актывіста Уладзіміра Кацоры — адны з найбольш заўважных у горадзе. Сябры ягонай каманды адмыслова вывешваюць над пунктамі збораў подпісаў бел-чырвона-белыя сцягі. Паводле Уладзіміра Кацоры, нацыянальная сімволіка дазваляе прыцягваць увагу вялікай колькасці мінакоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель