У Кракаве афіцыйна распачаліся Сусветныя Дні Моладзі
У Кракаве распачалася Святая Імша, якая афіцыйна адкрыла Сусветныя Дні Моладзі. У сталіцы Малапольшчы сабраліся маладыя каталікі з розных краінаў, а вузкія вулачкі старога горада перапоўненыя натоўпамі з рознакаляровымі сцягамі.
З Кракава перадае наш карэспандэнт Адам Завальня:
— З самога ранку ў Кракаве чутныя каталіцкія спевы на ўсіх магчымых мовах, натоўпы моладзі наведваюць санктуарыі, а таксама катэхезы ў кракаўскіх парафіях.
На Сусветныя Дні моладзі прыехалі людзі з усіх кантынентаў, але найбольш хіба што каталікоў з Еўропы ды Лацінскай Амерыкі, вельмі вялікія групы таксама са Злучаных Штатаў. Многія вернікі трымаюць сцягі сваіх супольнасцяў, а таксама нацыянальныя сцягі. Я знайшоў групу беларусаў, якія ішлі па Кракаве з бел-чырвона-белым сцягам чым прыцягвалі цікаўнасць мясцовых палякаў і таксама пілігрымаў з розных частак свету.
Сусветныя Дні Моладзі распачаліся ўрачыстай Імшой, якую ўзначаліў Кракаўскі мітрапаліт кардынал Станіслаў Дзівіш, былы сакратар Папа Яна Паўла ІІ. У наступныя дні чакаецца, што Літургію для пілігрымаў адслужыць сам Папа Францішак: ягоная сустрэча з каталіцкай моладдзю запланаваная на чацвер.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Сусветныя Дні Моладзі, Кракаў