Кім хацелі б замяніць Лукашэнку жыхары Менска?
У інтэрв’ю тэлеканалу „Расія-1” Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дваццаць гадоў прапрацаваў прэзідэнтам і паскардзіўся, што вельмі стаміўся.
– Слухайце, я 20 гадоў прапрацаваў прэзідэнтам, што мне яшчэ трэба. Ужо трэба думаць як там да цёплага месца прытуліцца і спакойна пасідзець. Я вам сумленна кажу: я проста стомлены ад гэтага чалавек. Я шукаю нейкі кут, каб там ціхенька сесці і адпачыць.
Карэспандэнты БелаПАН, усхваляваныя перспектывай вызвалення ў краіне службовага месца №1, накіраваліся папытацца ў жыхароў Менска, хто, на іх думку, мог бы замяніць Аляксандра Лукашэнку на пасадзе прэзідэнта Беларусі. І вось што пачулі ў адказ:
– Патрэбны нейкі малады чалавек, які будзе мець сучасную эканамічную адукацыю. Раманчук? Ён прыгожа піша, але калі ён пачынае гаварыць, цяжка зразумець, што ён хоча сказаць. У Аляксандра Рыгоравіча абсалютна фантастычная харызма, дыскутаваць з ім – гэта вельмі складаная задача. Я бачыў, як Хадыка выглядаў перад ім літаральна як падлетак, які нічога не мог сказаць ні па адным пытанні. Мне цяжка назваць якую-небудзь канкрэтную кандыдатуру.
– Калі сумленна сказаць, то я нікога не бачу і вельмі хачу, каб застаўся Лукашэнка. Буду галасаваць за яго.
– Прэзідэнт патрэбны. Як прадстаўнік дзяржавы. А ў дзяржавы ёсць законы. Для чаго законы? Каб яны выконваліся ўсімі. А які будзе прэзідэнт… закон ёсць.
– Не ведаю. На гэты момант у нас нікога няма кім можна яго замяніць. Але хацелася б як мага хутчэй.
– Мне цяжка назваць кандыдатуру з нашых палітыкаў, паколькі я бачу толькі аднаго палітыка – Аляксандра Лукашэнку. Гэта не азначае, што пры іншых умовах у нас не было б іншых цікавых, вартых асоб у палітыцы.
Беларускае Радыё Рацыя. Паводле БелаПАН.