Чыж пакінуў клетку?



Крыніцы «Беларускага партызана», якія шмат гадоў прапрацавалі ў судовай сістэме, мяркуюць, што ўладальнік «Трайпла» Юрый Чыж вызвалены з СІЗА пад хатні арышт.

3b0e1ef18a3c0d7e93f3adfc9e5425bd

Да такой высновы яны прыйшлі, прааналізаваўшы з’яўленне на судзе некаторых сведак па справе былога суўладальніка «Трайпла» Уладзіміра Япрынцава і яго сына Казбека.

25 ліпеня ў судзе дапытвалі былога начальніка юрыдычнага аддзела кампаніі Дзмітрыя Ярмака, які быў арыштаваны разам з Чыжом. У залу пасяджэнняў Ермака ўвялі канваіры. Пакуль доўжыўся допыт, яны стаялі побач, кайданкі з Ярмака не здымалі.

Аднак Юрый Чыж увайшоў у залу суда і без канваіраў (яны засталіся ў калідоры), і без кайданкоў. Прычым, як засведчылі шматлікія журналісты, прывезлі і вывезлі яго не праз службовы панадворак, прызначаны для машын, якія курсуюць ад ізалятара і назад. Што гэта? Выпадковасць, асабліва мяккі рэжым утрымання ці нешта іншае.

“Чыж у судзе з’явіўся так, як з’яўляюцца людзі, якія знаходзяцца пад хатнім арыштам, – кажуць эксперты “Беларускага партызана”. – Калі мера стрымання была змененая, то ўладальнік «Трайпла» ўжо сапраўды можа не насіць кайданкі, але не можа нідзе з’явіцца без суправаджэння. Таму ўсё выглядае так, быццам Чыжа ў суд прывезлі не з СІЗА».

Аднак афіцыйных паведамленняў пра змяненне меры стрымання Юрыю Чыжу не было. Наадварот, у сярэдзіне траўня старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў: «Следства (па справе Юрыя Чыжа) працягваецца. Там ёсць шмат пытанняў. Няма нават блізка падстаў (адпусціць яго пад падпіску аб нявыездзе)». Ён таксама абверг інфармацыю пра тое, што бізнесмэн змяшчаецца ў асаблівых умовах у СІЗА КДБ. «У нас да ўсіх аднолькавае стаўленне. Усе роўныя перад законам», – сказаў кіраўнік КДБ.

Але цяпер усё выглядае так, быццам дачыненне не аднолькавае, быццам канваіры парушылі правілы. Ці не парушылі?..

Нагадаем, што асноўны ўладальнік групы кампаній «Трайпл» Юрый Чыж быў затрыманы праваахоўнымі органамі 11 сакавіка. Разам з бізнесмэнам у СІЗА КДБ трапілі яшчэ 5 чалавек, якія падазраюцца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры.

23 чэрвеня стала вядома, што бізнесоўцу ўтрыманне пад вартай працягнулі на 2 месяцы, паведамляе „Беларускі партызан”.

Фота onliner.by