“Каб сэрцы людзей білі ў рытме сэрца Хрыста!”



У Кракаве афіцыйна пачаліся Сусветныя Дні Моладзі. У сталіцы Малапольшчы сабраліся маладыя каталікі з усіх кантынентаў, а вузкія кракаўскія вулачкі перапоўнены натоўпамі людзей з рознакаляровымі сцягамі.

Каталіцкі фэст пачаўся Імшой, якую ўзначаліў кардынал Станіслаў Дзівіш, былы сакратар Папы Яна Паўла ІІ. У сваёй казані кракаўскі мітрапаліт заахвоціў моладзь, каб яна не баялася міласэрнасці:

– Услухайцеся ў словы Папы Францішка! Бярыце ўдзел у Святой Літургіі, прыміце іскру міласэрнасці і запаліце ёй агонь вашай веры. А ім – запаліце іншыя агні, каб людскія сэрцы білі ў рытме сэрца Хрыста.

Сусветныя Дні Моладзі працягнуцца да канца гэтага тыдня. Цягам бліжэйшых дзён маладыя вернікі пройдуць катэхезы ў кракаўскіх касцёлах, паўдзельнічаюць у рознага кшталту інтэграцыйных мерапрыемствах, а таксама сустрэнуцца з Папам Францішкам.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Кракаў

Фота rmf24.pl