Аніводзін з прадстаўнікоў дэмсілаў не трапіў ва ўчастковыя камісіі ў Гародні
У Гародні аніводзін з прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў ня трапіў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Гэта сведчыць пра тое, што ўлады спланавалі несаступаць у махляванні выбараў. Так мяркуе незалежны назіральнік па 52 -й выбарчай акрузе Віктар Сазонаў, які прысутнічаў на паседжанні адміністрацыі Ленінскага раёна Гародні па фармаванні ўчастковых камісіяў:
— Падрыхтаваная вельмі спрыяльная глеба для фальсіфікацый. Калі хтосьці захоча фальсіфікаваць, ён можа гэта зрабіць на кожным участку паколькі абсалютна ніякага кантролю з боку апазіцыйных сілаў не можа быць. Мы самі разумеем, што назіральнік пракантраляваць камісію да канца не зможа. Гэта ўжо шматгадовы досвед. Ад АГП было 16 заявак, ад БНФ — чатыры, ад БСДГ — адна. Агулам дваццаць адзін і тым не менш аніводзін чалавек не ўвайшоў у камісію.
Рашэнні прымаліся падобным чынам і ў другім, Кастрычніцкім раёне, дзе мясцовая адміністрацыя таксама не дала месцаў у камісіі прадстаўнікам дэмакратычных сілаў. Незалежны назіральнік Рамана Юргель, які прысутнічаў на паседжанні, паведаміў, што асноўная прычына не ўключэння — няслушныя даныя дакументаў, і памылкі у афармленні заявак. З 1671 сябра ўчастковых камісіяў Гародні, больш за 70% — гэта тыя ж асобы, якія працавалі на папярэдніх выбарах.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя