Сяргей Пятрухін ужо мае тысячу подпісаў
Каманда берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна сабрала неабходную колькасць для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Ужо ў суботу яны збіраюцца падаваць неабходныя дакументы ў выбаркам. Пра гэта паведаміў кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Вакуленка:
– Яго пазнаюць, бачылі яго рэпартажы на youtube, таму вельмі лёгка, без прымусу ідзе збор подпісаў. Мы сабралі 1088 подпісаў. І спадзяёмся, што людзі ацэняць яго значны ўнёсак – публікацыю на youtube пра факты карупцыі, якія мелі месца.
Сяргей Пятрухін набраў папулярнасць у Берасці не дзякуючы дзейнасці ў нейкай палітычнай партыі ці арганізацыі, а за кошт сваіх расследаванняў, звязаных з парушэннямі заканадаўства, у тым ліку ў вышэйшых эшалонах улады. Усе вынікі Пятрухін выкладаў на ўласны youtube-канал:
– У бяру ўдзел у гэтай кампаніі, каб пра мяне і мой канал на youtube даведалася як мага больш людзей. Я хацеў бы, каб мой канал на youtube паглядзелі і ў Адміністрацыі прэзідэнта, бо кожны мой сюжэт – гэта калі не крымінальная справа, то вялікі “наганяй”. Там шмат задакументаваных парушэнняў заканадаўства.
Ініцыятыўная група плануе выкарыстаць кожны дзень, што застаўся, для працягу збору подпісаў і размоў з грамадзянамі. “Верым у тое, што Сяргей Пятрухін пераможа на гэтых выбарах,” – зазначыў Сяргей Вакуленка.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце