Беларусы „акупавалі” чарнаморскае ўзбярэжжа



Курортны сезон на чарнаморскім узбярэжжы Украіны яшчэ ў самым разгары, але паводле статыстыкі, беларусы ўжо выйшлі на абсалютнае першае месца па колькасці замежных турыстаў, якія адпачываюць на пляжах Адэскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.

пляж

Чым прывабныя для беларусаў украінскія курорты? Колькі каштуе адпачыць на Чорным моры? Ці бяспечная цяпер Украіна для турыстаў?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з менчуком Францыскам Клімковічам, які толькі што вярнуўся з курорта пад Адэсай.

Францыск Клімковіч: Разам з жонкай і сынам мы адпачывалі ў Коблеве, гэта пад Адэсай. Уражанні найлепшыя. Што спадабалася. Па-першае, вельмі прыязная атмасфера. Тычыцца ўсяго – і абслугі, і мясцовых жыхароў. Па-другое, мяне, як беларуса, прыемна ўразіла, што на курорце амаль няма смецця. Усё чысценька-акуратненька, амаль, як у нас у Менску. Пры гэтым ані дворнікаў, ані прыбіральшчыкаў амаль не заўважаеш. Па-трэцяе, сёлета на ўкраінскіх чарнаморскіх курортах вельмі багата людзей з краін Еўразвязу, а гэта, як па мне, паказчык. Пераважна гэта Польшча і Румынія, але бачыў нават турыстаў з Галандыі. Увогуле, і Коблева, і іншыя курорты пад Адэсай адыходзяць ад “саўка”, становяцца падобнымі да еўрапейскіх месцаў адпачынку.

РР: Ці даводзілася сустракацца ва Украіне з непрыязлівым стаўленнем да вас менавіта як да беларусаў?

Францыск Клімковіч: Ніколі такога не было і ніколі пра такое нават і не чуў. Колькі маіх сяброў і сваякоў адпачывалі на чарнаморскім узбярэжжы Украіны – усе водгукі толькі найлепшыя. Там няма розніцы, адкуль ты: з Польшчы, Беларусі, Бельгіі ці яшчэ аднекуль. Стаўленне прафесійнае – менавіта, як да турыста. Нават калі прыедзе грамадзянін Расейскай Федэрацыі, але ў яго будуць адэкватныя паводзіны, стаўленне да яго застанецца такім жа, як і да грамадзяніна Украіны. Ёсць кліент, які хоча вытраціць свае грошы на адпачынак, і такога кліента трэба абслугоўваць.

РР: Яшчэ пяць-шэсць гадоў шмат хто з беларусаў, якія адпачывалі пад Адэсай ці, напрыклад, у Еўпаторыі, наракалі, што там багата малакультурных агрэсіўных людзей, то бок гопнікаў і што гэта вельмі нагадвала бюджэтныя турэцкія гатэлі, месцы ўлюбёнага адпачынку ўмоўнага “Ніжняга Тагіла”. Бачылі вы нешта падобнае цяпер?

Францыск Клімковіч: Мажліва, недзе такая публіка і была, але я асабіста з ёй не сутыкаўся.

РР: У цяперашнія крызісныя часы адпачынак пад Адэсай для беларусаў вельмі дорага ці не надта?

Францыск Клімковіч: Калі ўзяць тыповага нашага суграмадзяніна з тыповай зарплатай у 300 даляраў, то нават з такім заробкам ён зможа з сям’ёй прыехаць у Коблева і непагана адпачыць. У тым жа Коблеве, дзе мы адпачывалі, кошты ніжэйшыя за Менск. Скажам, дабрача паесці ў рэстарацыі на дваіх можна за 20-25 даляраў… Праўда, без панскіх раскошаў. А гэта ўсё ж курорт, мора і даволі якасны сэрвіс.

РР: Яшчэ летась беларусы баяліся ехаць ва Украіну, бо давалі веры расейскім тэлеканалам: маўляў, “Правы сектар” і “Айдар” нападаюць на турыстаў, адбіраюць машыны, вешаюць усіх, хто не ведае ўкраінскай мовы… Вы з сям’ёй не сталі ахвярамі нападу “крыважэрных украінскіх нацыстаў”?

Францыск Клімковіч: Расейскае тэлебачанне я не гляджу, але добра ўяўляю, што вы маеце на ўвазе. І за ўвесь час адпачынку, і за свае вандроўкі па Украіне ані разу не бачыў аніякіх праяваў нацыянальнай нецярпімасці. Ані “фашыстаў”, ані “нацыстаў-бандэраўцаў” я не бачыў, як і не чуў заклікаў “біць маскаляў”.

А вось як каментуе сітуацыю ўкраінскі тураператар Наталля Шаўчэнка: Беларусы, якія цяпер масава адпачываюць на ўкраінскім чарнаморскім узбярэжжы, падзяляюцца, уласна, на дзве катэгорыі. Па-першае, гэты тыя людзі, якія традыцыйна ездзілі ў Крым. Але ж цяпер дабрацца туды з Беларусі праблематычна, дый не ўсе паедуць туды адпачываць. Па-другое, гэта тыя беларусы, якія раней адпачывалі ў Турэччыне і Ягіпце, але ж з прычыны эканамічнага крызісу вырашылі шукаць нешта бліжэйшае і таннейшае. Адэса і Херсон цяпер – ідэальныя суадносіны “цана – якасць”. Тыя ж беларусы, якія ездзяць праз украінскія турагінцыі, задаюць пытанне: “У якой ступені Украіна цяпер бяспечная для турыстаў”? Як тураператар магу сказаць: усё выдатна. Ніхто ні за кім не ганяецца з нажамі і пісталетамі, ніхто нікога не затрымлівае.. Усё выдатна.  

Украінскія тураператары мяркуюць, што найбольшую колькасць пляжных турыстаў з Беларусі варта чакаць у жніўні.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя