Вольга Нікалайчык: “Рускі свет” хоча прынізіць нас да сваіх варварскіх “паняццяў”
Зараз яна стала шырока вядомай як сталая ды ярка відочная ўдзельніца, бадай, усіх яскравых палітычных акцый у Менску ды па ўсёй краіне – ад нешматлікіх пікетаў да масавых пратэстаў. Калі яна па 9 гадзін выстойвала каля расейскай амбасады, калі ўкраінская лётчыца Надзея Саўчанка аб’явіла сухую галадоўку. Ці да жартаўлівага перфомансу непраданых ды сапсаваных рэчаў на мітынгу прадпрымальнікаў.
Летась Партыяй БНФ яна была ўганараваная памятным знакам імя Віктара Івашкевіча. А выпісаныя ёй з 2014 міліцэйскія штрафы ў часе двух дзясяткаў судовых працэсаў дасягнулі рэкорднай сумы ў больш чым 100 млн беларускіх рублёў. А яшчэ яна сталы кіношнік-дакументаліст.
Пра ўсё гэта гутарым з нашай госцяй Вольгай Нікалайчык.
РР: Чаму на ўсіх больш-менш значных палітычных пікетах ты абавязкова прысутнічаеш?
Вольгай Нікалайчык: Я займаюся палітычным валанцёрствам. Пачалося дзесяцігоддзі таму, калі Лукашэнка паказаў сваё пракрамлёўскае звярынае халуйства. Я добра памятаю палкія 90-я, калі на акцыях варочалі машыны, кідалі камяні ў служак дыктатуры. А яны нас збівалі ў адказ. Але да пачатку веку шмат хто з вядомых палітыкаў апынуліся за кратамі на вялікія тэрміны, хто ў эміграцыі. Нас, іншадумцаў, стала значна меней. На гэтым тле стала больш бачная для тых жа медыяў і я. Паліліся паклёпы ў мой бок з экранаў БТ. Сталі звяртаць увагу сілавыя структуры. Карацей, пачалося жыццё на перадавой лініі агню.
РР: Гэта прывяло да “сістэматызацыі” штрафаў у адносінах да цябе. Пачаліся і першыя затрыманні…
Вольгай Нікалайчык: Першае было ў снежні 2014, калі каля касцёла Святога Сымона і Святой Алены мы з Нінай Багінскай узнялі бел-чырвона-белы сцяг. Пры гэтым я зняла куртку і апынулася ў майцы з надпісам “Свабоду Статкевічу!”. Але міліцыянты хацелі забіраць Ніну. Я сказала, што ў яе хворае сэрца, бярыце мяне. Яны чамусьці мяне паслухаліся і пасадзілі ў варанок. Багінская тым часам страціла прытомнасць… Я ж тую ноч праседзела ў бетонным “стакане” Маскоўскага РАУС, дзе не давалі вады і магчымасці схадзіць у прыбіральню. Суседка-наркаманка па камеры выбіла абцасамі турэмныя дзверы – такая была моцная “ломка”. Яе павалаклі па падлозе за валасы, моцна збіваючы. Пасля ў яе на целе не было жывога месца. Я крычала, што сведка. Мне дзвярыма ляснулі прама ў твар…
РР: Пасля гэтага ты публічна заявіла, што “там мы ў руках банды”?
Вольгай Нікалайчык: Канешне, гэта так. Цябе могуць забіць і павесіць сваё злачынства на тую ж наркаманку. Другі раз мяне затрымалі, калі мы гадавіну смерці Міхася Жызнеўскага адзначылі салютам на яго магіле. Перад гэтым я ў Фэйсбуку заклікала мінакоў прыйсці для гэтага ж да помніка Тарасу Шаўчэнку каля ўкраінскай амбасады. У мяне ў сумцы былі два “салюты” ды плакат з выявай Міхася. Нас было 9 чалавек, праспявалі гімн Украіны і наш “Магутны божа”. Побач ужо стаялі два аўтобусы з АМАП. Апошнія пачалі нас адціскаць – маўляў, “акцыя незаконная”. І – жорстка затрымалі. Тры гадзіны трымалі тварам да сцяны, не дазваляючы пашавяліць нагой, руку падняць. Падыходзілі, фатаграфавалі. Здзекаваліся – “столькі не выпіць, каб на цябе…”
РР: Мярзотнікі!
Вольгай Нікалайчык: Так, нічога людскага. У закрытым судзе далі 5 сутак. На другі дзень, калі дапусцілі майго адваката, не дазволілі яму прынесці нават каву – а ў мяне нізкі ціск. Зрэшты, зноў-такі гэта драбяза ў параўнанні з тым, што там вырабляюць з людзьмі. Да прыкладу, чатырох жанчын, што са мной сядзелі на Ахрэсціна, за дзень да канца тэрміна засунулі разам у бетонны “стакан” метр на метр і сказалі, што калі не падпішуць на мяне тое, што скажуць – “адсюль не выйдзеце”. І яны мусілі падпісацца пад тым, што я “буяніла ў камеры, парушала рэжым, настройвала супраць начальства”. Але ў нас былі з імі добрыя стасункі, заўжды дзялілася перадачамі. І калі вярнуліся, далі знакі, каб нагнула галаву – у камеры штосутачнае відэаназіранне – і… пра ўсё мне прашапталі. Сказаўшы, што калі выйдзем, “пра ўсё ўсім раскажам”. Што і зрабілі.
РР: Ты сапраўдны “валанцёр”, як пра сябе сказала, бо адказная, паводле Антуана Сент-Экзюперы, “за тых, каго прыручыла”. Ездзіла ў Гомель змагацца супраць несправядлівага звальнення па палітычных матывах сястры Жызнеўскага Наталлі. І разгорнутая кампанія прывяла да вынікаў – яна ізноў працуе на мясакамбінаце з выпрабавальным тэрмінам…
Вольгай Нікалайчык: Гэта вельмі цікавая, інтэлектуальная маладая жанчына яшчэ і навучаецца ў Гомельскім універсітэце імя Скарыны на эколага. І за брата яе там моцна “прэсавала” старая педагагіня-сталіністка, выключалі за, быццам, не здадзеную курсавую. А ў вочы казалі, што “не будзеш працаваць і вучыцца, бо за бандэраўцаў і сама бандэраўка, а брат забіваў людзей на Майдане”. А навошта саўкам у чым-небудзь разбірацца?! Ім жа па ТБ не гавораць, што тэрарыстычная Расея тайна і беспакарана забівае ўкраінцаў. А Наташу “навучаныя мысліць дзёрзка” тупалобыя байстрюкі за валасы цягалі. Але з дапамогай журналістаў таксама, дзякуй богу, яе ўсім разам ўдалося аднавіць навучацца. Дарэчы, цягам шасці пікетаў стаяла ля расейскай амбасады з плакатамі ў абарону Надзеі Саўчанкі бачыла праявы “дыпламатычных” паводзін тамтэйшых дыпслужак. Яны з машыны, з другога паверха паказвалі “фак” на пальцах, матам лаяліся на нас. Уяўляеце “вытанчаных крамлёўскіх прафесіяналаў”?! На мяне была адчыненая крымінальная справа пасля шматлікіх штрафаў, што пасля перакваліфікавалі ў “хуліганку”. Але пра ўсё гэта даведалася на адным з судоў “постфактум”…
РР: Тым ня менш, не так даўно ў інтэрв’ю нашаму радыё геніяльны паэт і палітык Уладзімір Някляеў сказаў, што змены пакаленняў у апазіцыі няма, а яе лідары настолькі не давяраюць адзін аднаму, што ўжо не дамовяцца ніколі…
Вольгай Нікалайчык: Ёсць там людзі, якіх шаную бязмежна і заўжды буду побач з імі. Я пра таго ж Някляева, Статкевіча, Лябедзьку, Севярынца, Дзіму Дашкевіча. Гэтыя людзі высакародна ахвяруюць сваім жыццём, здароўем дзеля Беларусі, нясуць адказнасць перад самымі за яе лёс. І, здаецца, яны міжсобку дамовяцца заўжды. Канешне, спецслужбы прафесійна маніпулююць сябрамі апазіцыі, падстаўляюць, дзе магчыма. І гэтыя бясконцыя паклёпы… Але трэба церабіць надалей свой шлях. Даказваць, прынамсі, што для Беларусі не падыходзіць інстытут прэзідэнства. Знікне – як той казаў, не будзе за што сварыцца. І, канешне, патэнцыяльна важна для нашай будучыні – ці ачуняе, падымецца з кален Україна. Каб даць прыклад Моцы і Надзеі на поспех і Перамогу. Толькі тады ўсім светам вынішчым алігархічны, імперыялістычна-бандыцкі “рускі свет”. Лічу, што гэта цалкам яшчэ і камерцыйная ідэя. Ані Пуціны, ані Гіркіны не збіраюцца за яе гінуць. Проста праз пісталет ля скроні ды інтрыгі з правакацыямі хочуць прымусіць увесь свет ужываць іх газ з нафтай, жыць па іхных варварскіх “паняццях”. Затое ніколі не забуду вочы змагароў за Украіну, што ў любую хвіліну гатовыя аддаць жыцці за сябра, за нэньку-краіну.
РР: У тваіх планах з’ехаць папрацаваць у Кіеў…
Вольгай Нікалайчык: Я не магу тут адкрыта працаваць як аўтар, рэжысёр, сцэнарыст. Выходзіць на людзі. Колькі ж можна ўсё класці ў стол?! Хоць працягваю працу на кінадакументальным цыклам для Інтэрнэта “Беларускі спрут”. Збіраю матэрыял для фільма “Алеся ў краіне ментоў” – пра Алесю Садоўскую з Маладзечна. Якая ўпарта змагаецца супраць міліцэйскага гвалтавання. Апошнія змясцілі яе ў “псіхушку”, пасля ў Жодзіна ў турму. Але не будзем пра няскончанае. Мо ўдасца прадаць частку дома і набыць нештачка пад Кіевам. Гэта не значыць, што кідаю нашу Беларусь. Пачала пісаць апавяданні, якія сама ж хачу там экранізаваць. Апошні расказ, што адправіла Барысу Сачанку называецца “Кара”. Лукашыстам калісьці за ўсё прыйдзецца адказаць не толькі на божым судзе – усё, што вырабляюць міліцыянты, суддзі, ілжэсведкі, дакументуецца, захоўваецца. І ўсплыве, калі надыдзе час.
РР: Калі ў цябе ўзнікла адчуванне, пра якое неаднаразова публічна казала – “мне ўжо губляць няма чаго”?
Вольгай Нікалайчык: Калі ўбачыла як здзекі нада мной перакідваюцца на маці, сястру, пачынаюць хварэць пляменнікі. А колькі страціла аднадумцаў і аднадушцаў, якія сышлі, не дачакаўшыся таго, за што змагаліся?! Нельга казаць, што нічога не баюся. Палец укалола стрэнькай – балюча як і ўсім. Але кажу сабе – не маеш права баяцца! Дзеля іх памяці. І я ведаю куды ісці. І тое, што са мной Праўда. І, між іншым, прынцыпова не маю стасункаў з людзьмі, якія хацелі б на сваёй апазіцыйнасці зарабіць. Зноў-такі, зараз гэта, бадай, немагчыма… Абыходкавая рэч – да мяне перад чарговай акцыяй прыходзіць паплечнік і ямо з ім хлеб з кетчупам, запіваем гарбатай. Хто жадае, прыйдзіце да мяне і паглядзіце на апазіцыйныя “мільёны”.
РР: У цябе ёсць дэвіз жыццёвы?
Вольгай Нікалайчык: Не здавайся! І будучыня заўжды будзе лепшай!
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск